Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/81

Гэта старонка не была вычытаная

Несьвядомае адраджэньне.

(1782—1842).

З „БЕЛАРУСКАЙ ЭНЭІДЫ“.

Жыў-быў Энэй, дзяцюк хупавы[1],
Парнюк няўвошта украсіў[2];
Хоць пан, а ўдаўся нялукавы,
Даступен, весел, не грабіў;
Но Грэкі вуйму[3] нарабілі:
Як ляда, Трою ўсю спалілі.
Кашэль ён згробшы — на уцёк,
І швыдка зробіўшы чаўнок,
Траянцамі яго набіў
І ў мора з імі ён паплыў.
Якась Юнона, баба злая,
Адродзьдзя панскага, ліхая,
Шукала ўсё яго згубіць,
На дно у пекла пасадзіць.
Затое, віш ты, ня ўзьлюбіла,
Яго Вэнэра што радзіла.
Юнона воблак адпіхнула,
Ды з неба на мора ўзглянула:
Плывець на чаўнаку Энэй.
„Ах ты, някруціна, зладзей!
„Вось я цябе скручу ў табаку,
„Ражном у мора, як сабаку!“
Панёву[4] швыдка нахапіла,
Кашэль шашнямі налажыла,
Ў калёсы села, пакацілась,
Якраз ў Эоля апынілась.
Ўвайшла ў сьвятліцу — ды йна кут.
„Здаровы ўсе! Эоль ці тут?“
Эоль сядзеў тады ля печкі,
Мязгу скабліў на перапечкі
І лапці ліпай падплятаў.
Ён тут аборы падабраў,
Заткнуў за пояс кацатыг[5],
Скаціўся з печкі ў адзін міг.
„Здароў, хвігурная[6] Юнона,
„Цябе даўно я ня відаў!“
І, тры ёй зробіўшы паклоны,
Мякотнага на стол падаў.
Яна мякотнага пад’ела,
Уцёршысь так яму запела:
„Чы ведаеш маё ты гора?
„Энэй з траянцамі плывець:
„Сьпіхні яго ты, сват, у мора,
„Няхай паганец воду п’ець.
„Мяркую, чуў, Энэй то — зводнік,
„Буянец, злодзей, канаводнік;
„Траянцы такжа ўсе латрыгі,
„Ўсе бабнікі і ўсе юрыгі[7];
„Іх нада ўсіх са сьвету зьвесьць;
„Калі, сват, зробіш тую чэсьць,
„То я дзявухну украсіву,
„Салодкую, як з мёдам сьліву,
„Табе за тое прывяду".
Эоль разшупіў тое дзела;
З яго аж сьлюнка пацякла,
Дзявухна па нутру была.
Заскробся, барадой затрос,
Вусы разгладзіў, пацёр нос,
Хапіў напойку[8] табаку,
Лупіў ён зубы, барматаў
І рэч Юноне ён таку
З паклонам, віш ты, адказаў:
„Ах вох-ці мне, мая Юнона,
„Ніводнага-ж нет ветру дома;
„Што буду робіць я цяпер?
„Барэй з пахмельля, як вапер,
„Ляжыць ў сьвятліцы на казёнцы[9],
„А Нот учора зьехаў к жонцы,

  1. Спрытны, круткі, рухавы.
  2. Хлапец досыць прыгожы.
  3. Бязладзьдзе, вайну.
  4. Добрую спадніцу.
  5. Лапатнае шыла.
  6. Стройная.
  7. Распусьнікі.
  8. Колькі трэба для аднаго разу.
  9. На тапчане.