Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/82

Гэта старонка не была вычытаная

„Зэфір з дзявухнамі заграўся,
„А Эвер ў батракі наняўся:
„Як хочаш, ты сабе зьмякай[1],
„Ды мне дзявухну даставай,
„А я ўсё зроблю . . . . . . . . .,
„Са ўсіх глуздоў іх сьцебану,
„З траянцаў выдаўлю алею,
„На дно у мора заганю.
„Твайго-ж набольша ліхадзея,
„. . . . . . . . . . . . . . . . . Энэя,
„От так папру із дзяцюкамі,
„Аж булькаць будзе пузырамі,
„Як ў вір усіх торч галавой
„Намесьнік сьцягнець за сабой!“
І вось Эоль, галень схапіўшы,
На паншчыну гукаць пачаў.
І, ўсе ён ветры распусціўшы,
Бурліць ім мора наказаў.
Калі хто відзіў, як Бахціха[2]
Нямецка піва задаець;
Яко яно падымець ліха,
Запеніцца і розна прэць, —
От так і мора заравела,
Бурлілась, пенілась, шумела.
Энэй упудзіўся, ўсхадзіўся,
Матуз аж ад штаноў зваліўся.
Са страху й нюні распусьціў
І як у трасцы ён завыў.
Траянцы ўсі казлы задралі,
Са усіх чароў яны гукалі:
„Ў балоце быдла, Лісавей!“[3]
Ачухаўшысь ўскрычаў Энэй:
„О цар-царэвіч, тат[4] Нэптун!
„Ня буду прад табой брахун.
„Зьмілуйся, мора ты зьміры!
„Картузнай я прышлю цяртухі,[5]
„Сударскай[6] моцнае сівухі,
„А грошы сам з тайстры бяры“.
Нэптун да грошы меў ахвоту,
Гарэлку добра ён сьцябаў,
Пазнаў, што будзе за работу,
То срога ветрам закрычаў:
„А вон, нячысты някруціны,
„З якей фантазіі вы тут?
„Глядзі, скаштуеце дубіны,
„І ноздры вам ражном утруць“.
Вось досыць ветрам тут зьдзікацца:
З Нэптунам, зналі, якей жарт.
Дамоўкі сталі убірацца,
Як ад Кутуза Банапарт.
Тут раптам неба спагадзелась,
Усплыла сонейка, з’ясьнелась
Энэй, уцёкшы так ад бед,
Састрапаць загадаў абед.
Траянцы ўзялісь за ядзеньня,
Як з поля панскія харты:
Была ў іх з затаўкай крупеня,
Кулагу пхалі ў жываты,
Была ў іх гушча і драчона
І парасяціна смажона;
Пілі гарэлку не каўшом,
Цягнулі ў волю ўсе нагбом.
Усячыны панасьцябалісь
І на палацях спаць паклалісь.
Вэнэра з кірмашу вярнулась,
На Ўшэсьці, відзіш ты, была,
І аб Энэяньку дачулась,
Юнона як яго спрагла.
Андрак[7] з насоўкай апранула,
З падплётам ўзьдзела кавярзьні,
Анучкі рабыя абула,
Як быццам войта селязьні.
Твар сыраваткаю абмыла,
Кужэльны узьдзела балахон,
Папранік[8] ў хустачку ўлажыла,
Пайшла да Зэўса на паклон.
А Зэўс тагды сядзеў у клеці,
Гарэлку з мёдам там сьцябаў,
Бяз сораму, як малы дзеці,
З падоньня палцам калупаў.
Прыйшла Вэнэра і завыла
І так зазюкала яна:
„А чым перад табою, бацька,
„Мой абмішуліўся дзіцяцька?
„Зюкні, яка яго віна?
„Ня ўзьвідзяць Рыму яго вокі,
„Калі Юнону ня уймеш,
„Зьядуць на ростанях сарокі,

  1. Мяркуй, бяры ў цям.
  2. Піваварная фірма ў Смаленску.
  3. Крыкамі пастуха перадражніваюцца гукі ванітуючых людзей.
  4. Пакарочанае панароднаму: тата.
  5. Табакі.
  6. Панскай.
  7. Суконную спадніцу.
  8. Пернік.