Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/85

Гэта старонка не была вычытаная

Любіла тож Тараса й паня,
І войт ніразу не збрахаў,
Зато Тарас балота зраньня
Да цёмнай ночы пільнаваў.
Чуць золак, ён стральбу за плечы,
Заткнець сякеру за паяс, —
Заўсёгды ходзіць бор сцярэгчы
І птушак біць з ружжа Тарас.
Хадзіў ці доўга ён ці мала,
Ды толькі нешта адзін раз
Бяда ў бару яго спаткала…
Во, як казаў нам сам Тарас:

ІІ.

— На самага Кузьму-Дзям’яна
Пайшоў я ў пушчу паміж мхоў;
Устаў я нешта дужа рана, —
Здаецца, з першых пятухоў…
Іду сабе я панямногу,
Але й на пень троху прысеў.
Аж тут: лоп-лоп! Цераз дарогу, —
Як быццам цецярук зьляцеў.
Злажыўсь я стрэльбай, кляпсь — ня паліць!
Крамзель з другога! не пякець!
Гляджу, аж — вось з-за елі валіць,
Як быць хароміна — мядзьведзь!
Хоць ня трусьлівы я дзяціна,
Але затросься, як асіна,
Зубам, як цюцька, лепячу;
Гляджу — аж зломана лясіна,
І уздумаў: дай-ка ускачу!

ІІІ.

Скакнуў — ня трапіў; пасьлізнуўся!
І ў яму маланьнёй лячу!
Ляцеў-ляцеў, як разануўся, —
Аж стала зелена ў ваччу!
Ляцеў ці доўга я, ці мала,
Таго ніяк я не ўцямлю,
Але ўжо ладна расьсвітала,
Як я зваліўся на зямлю.
Устаў з зямлі, абкалаціўся, —
Бо быў ў гразі я, як сьвіньня,
І дужа, дужа я дзівіўся, —
Дзе апынуўся гэта я.