Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/86

Гэта старонка не была вычытаная

Рукой паскробшы каля вуха,
Дабыў з табакай рагавень,
І храпы напіхаў цяртухай, —
Бо ня ўжываў я цэлы дзень!
Як прасьвятлелі мае вочы,
Мядзьведзя ўжо я ня шукаў!
Закінуў стрэльбу я за плечы,
І па бакох глядзець я стаў.

ІV.

А вох-ці мне! Як там прыгожа!
Ну быццам хто намаляваў!
Чырвоны краскі, мак і рожа, —
Ну, як сукенку хто паслаў!
І птушкі ёсьць там, дужа стройна
Пяюць, палепш за салаўя!
А вох-ці мне! А-а, а во й я!
Куды патрапіў гэта я?
Стаяў я доўга і дзівіўся,
Разьзявіў зяпу і глядзеў,
Аж вось адкулецька зьявіўся:
Ці то прышоў, ці прыляцеў —
Хлапчына некі круглалікі,
Увесь кудравы, як баран,
І за плячмі яго вялікі
Прычэплен лук быў і каўчан.
— Адкуль, куды дарога гэта?
Спытаўся я ў хлапца той час.
— Дарога гэта з таго сьвета,
І проста йдзець аж на Парнас! —
Сказаўшы, хлопчык таго часу
На крыльлях шпарка паляцеў,
Дарогу-ж паказаць Тарасу,
Ня меўшы часу, не хацеў…

V.

Падумаў я тады нямнога,
Што за шайтан Парнас такі?
Пайшоў я проста тэй дарогай,
Узяўшы ў рукі добры кій.
Прайшоў вёрст дзесяць тэй дарогай,
Аж бачу я: гара стаіць.
Пад тэй гарой народу многа,
Як-бы кірмаш які кіпіць.