Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/87

Гэта старонка не была вычытаная

Прыйшоў я бліжай, што за ліха!
Народ ня просты, ўсё паны!
Хто дужа шпарка, хто паціху,
Ўсе лезуць на гару яны.
Як жыды ў школе, галасуюць,
Гатоў адзін другога зьесьць,
Бо кожны морду ўперад суець,
Каб першым на гару узьлезьць.

VІ.

Усе з сабой цягаюць кніжкі,
Аж з іншых пот руччом плюшчыць,
Адзін другому ціснуць кішкі,
Аж нехта з паміж іх крычыць:
— Памалу, браццы, ня душыце
Вы фэльетон мой і „Пчалу“,
Мяне-ж самога вы пусьціце
І не дзяржыце за палу!
А не, дык, да - душы, ў газэце
Я вас аблаю на ўвесь сьвет,
Як Гогаля у прошлым леце.
Я-ж сам рэдактарам газэт! —
Гляджу сабе, аж гэта, сівы,
Кароткі, тоўсты, як кабан,
Плюгавы, дужа некрасівы,
Крычыць, як ашалелы, пан.
Нясець вялікі мех пан гэты,
Паўным-паўнюсенькі набіт,
Усё там кніжкі ды газэты,
Ну, як каробашнік той, жыд!
Таварыш поплеч з ім ідзець
І несьці кніжкі пасабляець,
А сам граматыку нясець,
Што ў сэмінарнях абучаюць.

VІІ.

Во, нешта разам зашумелі,
Народ раздаўся на канцы,
І, як бы птушкі, праляцелі
Чатыры добрых малайцы.
Народ то быў ўсё не такоўскі:
Сам Пушкін, Лермантаў, Жукоўскі
І Гогаль шпарка каля нас
Прайшлі, як павы, на Парнас!