Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/90

Гэта старонка не была вычытаная

І з пастаялкай жур сьцюдзёны,
А з кашы сала аж цякло,
Ды і гусяціны пражонай
У волю ўсім багам было.
Як узьнясла-ж на стол каўбасы,
Бліны аўсяны ў рашаце,
Аж сьлюнькі пацяклі ў Тараса
І забурчэла ў жываце.
Гарэлку піць багі пачалі,
З бітлажкі ў чаркі, знай, ільлюць,
Падпіўшы, песьні запяялі, —
Ну, як у рандзе, ўсе пяюць.
Бах сп’яна пеў такі прыпеўкі,
Што аж ня можна гаварыць,
Аж засароміліся дзеўкі,
Так стаў ён брыдка развадзіць.
А Зэўс тымчасам насьцябаўся,
Што носам чуць зямлю ня рыў,
Ён вочы плюшчыў і ківаўся
Ды быццам нешта гаварыў.
Хоць не маё-то, праўда, дзела,
Ня сьлед мне, можа, і казаць,
Любіў ён цешыць грэшна цела
Ды часам лоўка падгуляць…

ХІІІ.

Але багі-такі прысталі,
Як ўсё паелі, папілі.
Во… разам у дуду зайгралі:
Скакаць багіні пачалі.
Узяўшы хустачку, Вэнэра,
Пайшла „мяцеліцу“ скакаць,
Прыгожа, стройна цераз меру —
Пяром няможна апісаць!
Чырвона, тоўста, круглаліца
І вочы, як на калясе,
Як жар, гарыць яе спадніца
І стужка ўплецена ў касе.
Хапіўшы келішак гарэлкі,
Амур яшчэ павесялеў —
Іграць пачаў ён на жалейкі
І дзеўкам стройны песьні пеў.
Нэптун з прыгожанькай наядай
Пайшоў ў прысядку казака,
Нябойсь, і у старога гада
Кроў грэець, як у дзяцюка.