Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/91

Гэта старонка не была вычытаная

А во і сам Юпітэр з Вэстай
Пусьціўся, стары хрэн, у пляс,
Як бы жаніх перад нявестай,
Заткнуў ён рукі за паяс.
А во і Марс у новых ботах, —
Ён, мусіць, ботаў не жалеў,
Бо з німфамі скакаў да поту,
Гуляў у жмуркі і шалеў.
І кожны бог так расплясаўся,
Што аж няможна удзяржаць,
А хто гарэлкі насьцябаўся,
Таго пад лаўку клалі спаць…

ХІV.

Вось, як зайграў дудар плясуху,
Ніяк Тарас наш не ўцярпеў,
І з лаўкі ён, што ёсьці духу,
Скакаць на хату паляцеў.
Як стаў прыстуківаць атопкам,
Аж рот разьзявілі багі:
То ён прысьвісьнець, то прытопнець,
То шпарка пойдзець у кругі.
Глядзеў Юпітэр, і дзівіўся,
І пад дуду ў далоні біў,
Ў канцы к Тарасу прыбліжыўся
І так яго перапыніў:
 А ты адкулецька, прыяцель?
За чым прыйшоў ты на Парнас?
Ты хто такі? Ты ня пісацель? —
— Не, мой панок! — сказаў Тарас,
— Я палясоўшчык з Пуцявішча:
Чуць золак сяньня са двара,
Прыйшоў сюды я а паўдні шчэ
Ды ўжо й да дому мне пара,
Ці ня была б, паночак, ласка
Адсюль дамоў мяне завесьць;
Хадзіўшы па гарэ Парнаскай,
Мне дужа захацелась есьць.

ХV.

Кіўнуў Зэвэс, і мігам Гэба
Крупені ў міску наліла
І добрую краюху хлеба,
Сказаўшы „еж!“ — мне падала.