Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/92

Гэта старонка не была вычытаная

Крупені ў волю я пад’еўшы,
Усіх падзякаваў багоў;
Кашэль за плечы прывязаўшы,
Сабраўся ўжо ійці дамоў.
Але зэфіры падхапілі,
Хто за руку, хто за паяс,
І, як бы птушкі, паташчылі
Яны мяне цераз Парнас.
Нясьлі на крыльлі, быццам вецер,
І проста прынясьлі ў наш лес.
Гляджу я: мусіць ужо вечар,
Бо маладзік на неба ўзьлез…


З тых пор Тарас ужо ня ходзіць
Так дужа рана па лясох,
ў А дзеля гэтага ня шкодзіць
Бярвеньне красьці па начох.
Дык во, што бачыў наш Тарас,
К багам узьлезшы на Парнас.
Ён гэта мне апавядаў,
А я ў паперку запісаў.

|}


Паўлюк Бахрым.

(1814 — ?)


ЗАГРАЙ, ЗАГРАИ, ХЛОПЧА МАЛЫ…

Заграй, заграй, хлопча малы,
І ў скрыпачкі і ў цымбалы.
А я заграю у дуду,
Бо ў Крошыне жыць ня буду.

Бо ў Крошыне пан сярдзіты, —
Бацька кіямі забіты,
Маці тужыць, сястра плача…
Гдзе-ж ты пойдзеш, небарача?

Гдзе я пайду? Мілы Божа!
Пайду ў сьвет, у бездарожжа,
У ваўкалака абярнуся,
Сьлёзна на вас абзірнуся.

Будзь здарова, маці міла!
Каб ты мяне не радзіла,
Каб ты мяне не карміла,
Шчасьліўшая ты-бы была!

Каб я каршуном радзіўся,
Я-бы без паноў абыўся:
У паншчыну-б не пагналі,
І ў маскалі не аддалі.

Мне пастушком век ня быці
І ў маскалях трудна жыці,
А я і расьці баюся,
Гдзе-ж я, бедны, абярнуся?

Ой, кажане, кажане!
Што-ж ня сеў ты на мяне?
Каб я большы не падрос
Ды ад бацькавых калёс.