Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/93

Гэта старонка не была вычытаная

ГУТАРКА ДАНІЛЫ З СЬЦЯПАНАМ.

Зышоўшысь Даніла сьвятым днём з Сьцяпанам,
Харошай пагодай селі пад парканам,
Ды й ну-ж талкаваці, ды й ну-ж гаварыці,
Што далей з нас будзе, як мы будзем жыці.

Гавораць на сьвеце, у голас талкуюць,
Ад ксяндза, ад жыда усе людзі чуюць,
Што вольнасьць нам, бедным, дасьць цар без адкладу,
Толькі што з панамі не дайдзема ладу.

Чаго адны хочуць, то другім няміла,
Як чорт перад д’яблам, пражэцца іх сіла,
Цар ім патурае, а яны хітруюць,
Змовіўшысь з сабою, цару так талкуюць:

„Пане найясьнейшы, што з гэтага будзе,
Даўшы усім вольнасьць, кажан тое згудзе,
Што мужык бяз пана быць ніяк ня можа,
Паб’юцца, паколюць, сьцеражы Ты, Божа;

Над ім трэба што дзень з кнутам стаць над каркам,
Розгі каб ляжалі возам за хвальваркам,
Гразы як ня будзе ад двара над хамам,
Заб’юцца, паколюць на век вякоў амэн!

Мужык без гарэлкі перабыць ня можа,
П’яны ня уступіць, сьцеражы Ты, Божа,
А як стане біцца, кала яму трэба,
Хоць дзяцём у хаце няма куска хлеба.

А як пана мае, то мужык баіцца,
Хоць кары ня возьме, то хоць надрыжыцца,
Бо знае, што пан іх за усё скарае;
З хама ніц[1] ня будзе, як пана ня мае“.

От, браце, паны як падлыгаць умеюць,
Прад царом у вочку на нас плесьці сьмеюць,
Ім гэта нясмашна костка ў горле стане,
Як мужык бяз пана вольнасьці дастане.

Што хочуць, то баюць, лгуць, як самі знаюць,
Верыць ім цар сьмела, яны ласку маюць,
А мы, бедны, браце, церпім скрозь няволю,
Праклінаем жыцьце, сваю горку долю.

Праўда, што ня чулі дзяды ні айцове,
Каб над мужыкамі ня былі панове,
Ды цяпер на сьвеце ўсё іначай строяць,
Ужо на сярмягі ды сурдуты крояць.

  1. Нічога.