Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск I.pdf/34

Гэта старонка не была вычытаная

Прылукі.

Ня летась, не залетась, а калісь у старыну, як мы самі сабою йшчэ жылі, тое, што казаць іму[1], было.

У адным месцы, абапол Птыча-ракі высяцца дзьве горкі дужа красныя, а пасярод ракі востраў ляжыць.

На той гарэ, што па праваму беразе, стаяў двор знатнага баярына, іменем Яраслаў.

Дый красен-жа той двор быў, увесь у садох, будынкі ўсе спраўныя былі, а ўвакруг тынам белым абведзены; а ад двара дый да шляху былі прысады ліповыя.

Быў дзень ясны, харошы, ведама, як у пачатку лета бывае, калі йшчэ лукі[2] зіхацяць кветкамі[3], птушкі заліваюцца рознымі галасамі, рыба ў рэчцы раз-у-раз плюхае, разганяючы шырока вакорыну, пчолы і ўсякія мошкі ды казяўкі[4] цэлымі роямі завіваюцца каля кветак.

Дзе ні глянь, усюды жыцьцё кіпіць, а сам пазіраеш, на ўсё гэта неяк радасна.

І вот па прысадах тых, у прыятным[5] прахалодзе любуючыся прыродаю і самі сабою, прахаджываліся малады баярын Яраслаў зы сваею[6] паняю — маладою жаною, краснаю Люблянаю. Ходзяць яны і цешацца, ажно дарога задуднела, і на ўзмыленым кані паявіўся, ўвесь запылены, княжы ганец і, сукланіўшыся баярству, павяшчае нядобрую навіну, што вораг рубеж перайшоў і дужа наш край пустошыць, і што князь прыказаў усім сваім баярам на вайну, чым дужы, пасьпяшаць. Баярын рад чыну даказаць, сабе славы прыдбаць; хутка сабраў сваю дружынку і паехаў.

Спачатку баярын слаў часта ганцоў да любое жонкі, а далей ні ганцоў, ні самога штось ня чутно стала. І затужыла вельмі красна[7] пані Любляна. Усё выходзіць на шлях і ў даль пазірае, ды ўсё дармо.

Прайшло лета, настала зіма, а любога Яраслава — як няма, так і няма.

Прышла ізноў вясна. Выйшла раз красна Любляна ў канец прысад і, як толькі на шлях зірнула, так дужа і зрадзела: бачыць, коціць дружына, а наперад — любы вараным канём едзе.

Ды нядоўга яе радасьць была, бо як той пад’ехаў бліжэй, пазнала, што гэта другі.

Той пад’ехаў, сукланіўся, а яна і думае: „можа ён што пра майго ведае?“

Просіць яго к сабе ў харому сапачыць трохі. Той рад прыстае, ідзе за ею ў сьвятліцу. Яна, яго за стол пасадзіўшы, гукнула на слугі, сказала прынесьці піва, мёду і ўсялякай стравы; стала яго частаваці і яго пытаці пра мужа любага.

Той, пагадаўшы, так ей павядае: „Ня хочацца мне табе, красна пані, жалю задаваці, ды мушу… Вото-ж бачыш, твой муж, а мой друг сардэчны, быў цяжка ў баю ранен і, уміраючы, кажа мне так:

  1. Старая форма — казаціму; маю, буду казаць, скажу.
  2. Лугі, сенажаці.
  3. Пол. — краскамі.
  4. Лепей — казуркі.
  5. Рус. — прыемным.
  6. З сваею.
  7. Правільна — красная.