Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск I.pdf/40

Гэта старонка не была вычытаная

Сталі мужычкі падходзіць чарадом. Іх запісвалі, выдавалі квіткі, а з квіткамі падыходзілі к старасту па гарэлку, а той наліваў ім у што хто падставіць — ці ў гляк, ці ў бутэлькі, ці ў баклажкі, ці ў берасьцені…[1]

І пайшло таго-ж вечару гуляньне, як-бы радаваліся, што зрабілі ўмову на працу, якая і на катарзе ў дзесяць столак лягчэйшая…


Новасадзкае замчышча.

Над рэчкаю, над Слаўкаю, недалёка сьвятога месца Студзенца, дзе з-пад дарогі на горы вада цудоўная[2] выліваецца і спадае ў яр глыбокі, а ярам у Слаўку цячэ, а Слаўка па каменьнях шапоча, — стаіць князьскае гарадзішча.

Высокія берагі Слаўкі парасталі ўсякім лесам: расьлі там і дубы магучыя, і сьветлыя ясені, і клёны, і асіны, і бярэзіны касатыя, і брэзгеліны касьцястыя, і чаромхі пахучыя, — ды многа ўсяго было.

Над усім гэтым западала ночка цёмная. Неба было засуплена[3] чорнымі хмарамі, а вецер сярдзіты раз-па-разу зрываўся і з шумам і сьвістам пралятаў над гарамі, над лясамі і над тым гарадзішчам, маўляў штось нядобрае павяшчаў.

Усе ў гарадзішчы ў тым спалі. Спалі і ў месьце, што ляжала у кліну між Слаўкай і Ус-рэкай.[4] Адна толькі душа ў гарадзішчы ня сьпіць: па волі ўсё ходзіць і знаць думу цяжкую думае, во аж пот на белым лобе выступае пэрлістымі кроплямі.

А хто гэта ходзіць, як не княжна, слаўная красою і багацтвамі сваімі? І ростам высока, і ліцом[5] красна, хоць ня так-то ўжо і малада. І грудзі яе поўныя высока падыймаюцца, і вочы карыя аж у цемнаце сьвецяцца, а буйныя косы вецер па воздусе[6] трэпле. Ходзіць княжна гордаю ступою, ды на сэрцы яе знаць невясёла, бо ўсё то рукі заламае, то вяла іх спусьціць, то ўздыхне цяжка, як канаючы, то аберуч галаву сьцісьне; то быццам на штось адважыўшыся, вочы падыйме і ў даль сьмялей гляне і заходзіць байчэйшаю ступою а праз момант ізноў яе сэрца зойдзецца, і рукі павіснуць, і вочы затуманяцца, і ногі як-бы падкашывацца стануць. Ды вось яна канцом на штось адважылася. Пайшла хуткаю ступою ў гарадзішча, чэлядзь[7] сваю будзіць, усе багацтвы сва прыказвае зьбіраці і што дарожшае, то ў скрыню каваную кладзе, а што меней вартае, тое чэлядзі раздае. Сабраўшы ўсё і спакаваўшы, скрыню зачыніла на тры замкі, а ключы на залаты паясок нанізала і туга ім падперазалася. Тады, сеўшы на скрыню, горка заплакала.

— „Няма ў мяне ні шчасьця, ні долі, ні вернага друга, — няма мне з кім дзяліцца ні сваею красою, ні каханьнем, ні багацтвам вялікім, а моладасць мая ўцякае, лічка маё бела[8] пажаўцела, грудзі

  1. берасьні — гаршкі, аплеценыя бярозаваю карою, бяростаю.
  2. цуд, цудны і інш. — заходняславянізм, полёнізм. Паходзіць ад праславянскага — *tjud. — Так славяне называлі суседні, усходні ад сябе народ, найхутчэй фінаў (У велікарусаў — „чюдь белоглазая“). Адсюль утворана — а) штюдь (старабаўгарскае — вялікан, асілак); б) чуда (у палякоў — cud); в) чужы, чюдь (фінскае плямя). Цяпер у беларускай мове маем, апроч слоў ад караня — чуж —: чудны, чудзіць, чудак… Тады правільна — чуда. Ужываецца яшчэ — дзіва.
  3. Зацягнена.
  4. Рэкай і ракой.
  5. Русіц. — тварам.
  6. Русіц. — паветра.
  7. Слугаў.
  8. Русіц. — тварык мой белы.