Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск I.pdf/41

Гэта старонка не была вычытаная

мае поўныя сталі вянуць, вочкі карыя — ліняці, буйныя косы — выпадаці, а сэрца маё стала заміраці… Няхай-жа, калі так, я згіну; ўсё за мной: і думкі мае, і каханьне маё, жаданьне, і краса, і багацтвы мае, бо так сіратліва жыці не пад сілу мне!“..

І загадала сваім служкам прывязаці сябе да скрыні і кінуць у студню дужа глыбокую і поўную вады, што ў тым гарадзішчы на дварэ была. Загудзела, зараўла навальніца, і краснай княжны ня стала… Кінулі яе верныя служкі ў студню глыбокую, і апусьцела зараз тое гарадзішча, а посьле і саўсім яго ня стала. Толькі гара з валам ды студняй поўнай каменьня, тое месца азначае. Скора вораг люты сюды найшоў, людзей павыразаў, хаты з зямлёю зраўнаваў, а тое месца, дзе места было, людзі Рэзанамі празвалі.

Каму-ж з таго места Бог судзіў жывым астацца, тыя трохі аддаль на гары, над крыніцамі пабудаваліся насупроціў таго-ж гарадзішча і Студзенца і празвалі сваё новае селішча „Новасельцамі“.


Кабзар.

Ой, вецер шуміць, ой, вецер гудзе,
А цераз поле чалавек ідзе.
Ой, полем ідзе
І штось ён нясе,
І хлопец яго за руку вядзе.
У вёску прыйшоў, на прызьбе ён сеў
І ціха людзям сьпязанку запеў:
Ўкруг людзі стаяць,
На старца глядзяць,
Бо да душы бедным людзям запеў.
Галавою добрым людзям кіўне,
Грудку старую шырока надзьме,
У струны ўтне,
Слова дабярэ
І песьню старую сьвету пяе.


Сьцяты камень.

Засьвітала раніца
Посьле веснавое ночы.
Князь Дулебаў,[1] сам Кумар
Працірае зо сну вочы
І, накінуўшы кажух,
Ў поле выйшаў падзівіцца,
Сьвежым ветрам веснавым
Зо сну крыху асьвяжыцца.
Разам стаў
І знак даў,
Баярына[2] клікнуў:
«Хадзі сам,
«Глянь во там»! —
І на тор падмігнуў:

— «Пазнай вою дазнаны,
«Хто тут сьлед вось той пакінуў,
«Дзе ён сам, той чужанін?
«Дакуль зьехаў, дзе ён згінуў?
«Неспакоен гэтым я:
«Ці[3] ня вораг нас цікуе,[4]
«Ды зьнячэўку хіба нас
«Наляцеўшы зьбіць мяркуе»?
Прайшоў ветах,[5]
Маладзік
Повен месяц засьвяціў,
Ясна, цёпла;

  1. Дулебы — пераходнае украінска-беларускае племя ў старыя часы.
  2. Асоба заможнейшага стану.
  3. У арыгінале ўжыта „чы“ — полёнізм.
  4. Сочыць.
  5. Адна з зьмен месяца (апошняя чэрцьверць). Іншыя зьмены: маладзік, поўне, гнілая квадра, або сход.