Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск I.pdf/71

Гэта старонка не была вычытаная

Замест вочак сініх — поўны сьлёз дзьве раны,
Тварык бяз румянца, як папар згараны…
Ну, гадай, зязюля! Закукуй аб шчасьці,
Варажы аб долі нашай беднай Насьці!
… Засумела птушка, седзячы ў вярбіне,
Знаць, што шчыра хоча варажыць дзяўчыне…

|}


Прысяга над крывавымі разорамі.

Быў цёплы вясеньні дзень… Нівы ціха адпачывалі пасьля летняе працы. Цёмны лес шаптаўся ў глыбокай задуме. Буслы тужліва ляцелі ў вырай.

Гэтага дня маркотны і згорблены пад цяжкай хмарай невясёлых дум ледзьве-ледзьве поўз стары Мацей у поле.

— Галава баліць, рук ня зьняць, — бурчаў ён, пацягваючыся. — Дзяцей дагадаваўся, а адпачыць некалі і не за кім.

Так ён сам сабе жаліўся.

Праўда, у Мацея былі тры сыны: аднаго ўзялі ў маскалі, другі паехаў да Пецярбурга шукаць хлеба, трэці пайшоў за парабка да двара, а бедны Мацей з жонкай і дзьвюма малодшымі дзяўчаткамі астаўся на сваёй гаспадарцы.

Бедната, адзіноцтва, сілы ўжо ня тыя, — а рабі і рабі, працуй бясконца… Мардасовічу за лён, Бізуноўскаму за пашу, а там і за бульбу плужы й плужы што-дзень на адработках, так што сваё, хоць і вузка і лында, але й то няхват часу ў пару засеяць. Ось і цяпер суседзі ўжо даўно пасеялі і пабаразьнілі, а Мацей толькі першы дзень вышаў на сваё поле і то быў хворы.

Аднак, перамагаючы сябе, насыпаў жыта ў хвартух, напляваў у жменю, чарпнуў зярнят, і — са славамі — „радзі, божа“ — сыпануў зярнё на чорную глебу.

Зярняты замігацелі на ральлі, а Мацей стаяў з пасалавеўшымі вачамі і шаптаў:

— Не магу, надта-ж галава баліць і сон морыць…

І, неўкладаючыся ані пасьцілаючыся, ён, як стаяў, так і лёг; так і заснуў.

Спаў, як пласт, упоперак загону з раскінутымі рукамі. Ліцо было бледна, вусны чорныя ад смагі, дыхаў ён часта і з якімсь хрыпам. Здалёк выглядаў на чалавека, каторага вот-вот раскрыжавалі й прыбілі да зямлі, і так ён паволі канае.

Мацей спаў і сьніў. Сьніў ён, што сабралася моц народу на яго ніве: былі там маладыя і старыя, і мужчыны, і кабеты, і дзеці — у розных вопратках, і ўсе крычалі:

— Вузка! Цесна! Мала!

А Мацею здавалася, што і ён сам стаіць пасярод гэтага народу, і што ўсе чакаюць, што і ён сам, Мацей, скажа і што вось-вось к яго сэрцу падходзіць нейкі жаль, і што ён таксама пачынае крычаць:

— Вузка! Цесна! Мала!

Аж, здаецца, выбягае сусед Астап, заціснуўшы кулакі, і крычыць яшчэ мацней ад Мацея:

— А скуль узяць?! Скуль дастаць?! Кажы! Скуль?!..

Тады захістаўся народ і зароў:

— Глядзеце, во — прасторы! Во! нівы, лясы, палі! Усё гэта ваша!