Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/10

Гэта старонка была вычытаная



Скубець скаціна, а пастыр
Пасе, пільнуе ад ваўка,
Снуе вакруг[1] удоўж і ўшыр,
То цёлку злае, то быка.

Тру-гу, тру-гу, з трубы
На сьвет шырок, даўгі
Мкне адгалос трубы,
Аж стогне лес, дубы,
Тру-гі, тру-гі, тру-гі!

Но[2] вот наеўся і ідзе
Рагаты, сыты полк у хлеў,
Пастух за ім у грамадзе,
Но[2] ці й пастух сыт, ці пад’еў?

Тру-гу, тру-гу й ня сьніў
Пастыр, слуга слугі,
Свой полк кармі, пасі,
Сам посьле пад’ясі.
Тру-гі, гру-гі, тру-гі!


Бабулька-прадаўшчыца зёлак.

У Менску на рынку,
Ў канцы агароды,
Бабулька старая
Садзіцца заўсёды.
Усякія зёлкі
На рынак прыносіць,
І людцаў прахожых
Купляць у ёй[3] просіць.
Ляжаць перад бабкай,
Ці вечар, ці ранак,
Пучкі дзевясілу,[4]
Чабор[4] і румянак
Ад кожнай хваробы
Ё зёлкі, карэньні.
Лячыць можна імі
Падвей, парушэньні.
І любчыку нават
Дасьць вам пад сакрэтам,
Ды науча,[5] як зводзіць
Любезьнічкам гэтым
І ўсякіх, усякіх
Дастанеце лекаў.
Якіх толькі людзі
Ня зналі ад векаў.
Шмат летак бабульцы:
Трасуцца ўжо рукі,
Ё пэўна унукі,
Ба! нават праўнукі.
Усяк ёй жылося
На сьвеце, на Божым,
І смутна, самотна,
І з хлопцам прыгожым;
І сьлёзы ліліся,
І песьні зьвінелі,
.............
.............
Но[6] ўсё праляцела,
Як яснай маланкай,
Сьпяць думкі і песьні,
Ў магіле сьпіць Янка.
Эй, моладасьць — радасьць
Мінула ўдалая!
Но[6] старасьць і беднасьць
Ніяк ня мінае.
І кепска бабульцы:
Сівая, худая,
Брак сіл працаваці,
Так зёлкі зьбірае,
Нясе іх да Менска,
На рынку садзіцца,
Збывае і вуча,[7]
Як трэба лячыцца.
А можа паможа
Душы хоць адной дзе,
І праца бабулькі
Намарна ня пойдзе.


А хто там ідзе?

А хто там ідзе, а хто там ідзе?
У вагромністай такой грамадзе?
— Беларусы.

  1. Лепш увакол.
  2. 2,0 2,1 Рус. — але.
  3. Зварот польскі, пабел. — у яе.
  4. 4,0 4,1 Трава.
  5. Навучыць.
  6. 6,0 6,1 Рус. — але.
  7. Провінц. — вучыць.