Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/100

Гэта старонка была вычытаная

Куды вядзе твая дарога?
Чаму задума і трывога
Пячаць на твар твой палажыла?
Чаго глядзіш ты так няміла?
Няма ў тваіх вачох прывету,
Як-бы ня рады сонцу, сьвету.
Ідзе народ, як хвалі мора,
Як хмары ў небе на прасторы,
Адны другім усе чужыя.
Ідуць старыя і малыя,
Ідуць-шнуруюць чарадою,
Заняты кожны сам сабою.
І дзядзька з гэтым людам зьліўся,
Як зерня ў зернях загубіўся.
Быў дзядзька ў пушчах, у барох
І расчытаць іх голас мог,
І з старасьвецкімі дубамі
Каротка знаўся, як з сябрамі.
А тут — адзін, бо ўсе чужыя,
Ня знаеш, хто яны такія,
І сам для іх ты чужаніца.
На камяніцы камяніца,
Ня згледзіш неба край за імі
І ціснуць сьценамі сваімі.
Ідзе так дзядзька і па бруку
Адзін за дзесяць робіць груку.
Адзе-ж той банк? — карціць пытаньне
Так правандруеш да зьмярканьня,
А сам туды не пападзеш
І толькі дзень дарма зьвядзеш.
Ды дзядзьку страшна прыступіцца,
Спытаць людзей ён тут баіцца,
Бо ўсе такія падзіманы[1]
І хоць бы твар адзін рахманы,
Або свой брат, мужык-трудзяга[2]
Нідзе ня сьвеціцца сярмага.
І дзядзька наш стаў прыглядацца,
Ў каго-б дарогі запытацца,
Бо ён зрабіў адну ўжо спробу:
Спытаў чумазую асобу,
Ды тая так яму сказала,
Што лепш-бы ёй няхай зарвала!
Тут дзядзька кроку[3] падбаўляе
І пана з цэшкай[4] наганяе;
Ступіў яшчэ ён колькі крокаў,
Да пана коціцца ён бокам;
А пан ня бачыць ці ня хоча
Глядзець, як дзядзька наш клапоча
І ў ім патрэбу дужа мае —
Ідзе і палачкай махае.
Тут дзядзька трошачкі прыгнуўся,
Рукою пана дакрануўся:
— Скажы, паночку, як далёка
Зямельны банк? — Пан кінуў вока
На дзядзьку скрыва так і строга:
— Спытай аб тым гарадавога! —
Сказаў і кроку пан прыбавіў,
Як-бы пытаньнем абясславіў
Яго наш дзядзька прад панамі,
Прад тымі, вось, капялюшамі.
„Ото завіў, настроіў лыжы,
Як-бы чарцяка той ад крыжа“,
Антось сабе сам усьміхнуўся
І на ўсе бокі азірнуўся,
Як-бы хацеў сказаць: „Глядзеце,
Якая цаца зьзяе ў сьмецьці!“
Памалу стаў ён разглядацца.
Э, што! няма чаго баяцца!
Ідзе вальней, глядзіць сьмялей,
На сэрцы стала весялей.
І трохі карк ён падымае,
На крамах вывескі чытае —
Ня дарма-ж дзядзька быў у школе,
Навуку ведаў ён даволі.
Ды перабраў тут дзядзька меру:
На слуп[5] узьбіўся, на халеру,
Ды так аб падлу штурхануўся,
Што сьвет яму перавярнуўся,
На брук зьляцеў ён з тротуару,
Перакруціўся разоў пару
І так у брук бядак загасіў,
Траха манеркі[6] не расквасіў.
Ды дзядзька борзьдзенька схваціўся,
Зьнячэўку ён ашаламіўся,
Як той шчупак, папаўшы ў нерат:[7]
Ня знае ён, дзе зад, дзе перад.
„Бадай цябе агні спалілі!
На які чорт слупоў набілі?“ —
Гаворыць дзядзька сам з сабою,
Пыл абіваючы рукою.
І тут ён толькі азірнуўся,
Глядзіць — у кут глухі упхнуўся,
Сьцяна прад ім і сьцяна збоку,
Ўпярод ня ступіш ані кроку —
Прапала вуліца ды годзе!
Таўчэцца дзядзька, як у бродзе

  1. Надзьмутыя.
  2. Русіц. — працаўнік.
  3. Полён. — шагу.
  4. Какардай.
  5. слуп, аслупець і г. д. — фонэтычна заходняславянізм. Паходзіць ад праслав. - стълб(п)ъ. Прасл. *ъл+зычны — у беларускай мове даюць — оў, напр. — доўгі, коўтаць і г. д. Тады данае слова пабеларуску правільна мусіць быць — стоўб(п). Так у многіх мясцовасьцях і ўжываецца; маем мястэчка — Стоўпцы. Тады — стоўп, стаўпа…
  6. Пляшкі, што носяць жаўнеры дзеля вады; тут — галавы.
  7. Род сеткі.