Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/109

Гэта старонка не была вычытаная

ту, Максім адышоўся крыху і азірнуў сваю працу, ці няма яшчэ якога знаку, па катораму можна было-б замеціць, што тут украдзены дуб. Усё было прыбрана гладка, але Максіму здавалася, што варта толькі зірнуць аб’ежчыку, каб адразу прыкмеціць, што не хватае аднаго дуба. А можа аб’ежчык раней яго агледзеў гэты недагляд і ўжо вядома ў лясьніцтве аб гэтай пакражы.

— І выбера-ж часіну паганец! — зноў разважаў з сабой Максім.

— Ну, каб папаў! Гужы, лейцы — усё пасек-бы.

Максім ніяк ня мог супакоіцца. Ён вышаў на дарогу, куды вёў сьлед ад калёс. Але далей трудна было разабраць, куды ён пашоў: ці мала едуць па дарозе ва ўсе канцы? Максім пастаяў, патупаў, як-бы разьбіраючы важную справу. На душы ў яго было цэлае пекла. Злосьць на таго, хто сьсек дуб, хто, як сумыслу, як на зьдзек яму, зрабіў гэту кражу, ніколечкі не клапоцячыся схаваць канцы; далей — страх перад лясьнічым, страх за страту куска хлеба: даўно ўжо капаецца пад яго аб’ежчык, ня раз дакляровываў яму лясьнічы прагнаць яго з месца. Усе гэтыя думкі і пачуваньні і рабілі тое пекла, што было на душы Максіма.

— І хто-ж бы мог зрабіць гэта? — Максім пералічыў колькі гаспадароў з вёскі, каторыя былі ў яго ў вялікім падазрэньні. Але, не злавіўшы, не кажы, што злодзей.

Максім яшчэ раз прышоў на тое месца, дзе рос яшчэ ўчора прапаўшы дубок. Як дарагі нябожчык, стаяў ён у вачох беднага лясьніка. Прыкрыўшы камель яловымі лапкамі, Максім памалу пасунуў лесам.

Увесь гэты дзень, цэлы вечар і ноч ня меў Максім супакою. Нават есьці не хацелася яму. Нейкі страх і трывога душылі яго. Кінуцца за весьніцы на дарогу сабакі, забрэшуць на каго, ці так што здаецца іх сабачаму розуму, Максім чуў, як у сярэдзіне ў яго нешта траслося і яму здавалася, што гэта пэўна ідзе Марцін з каморы ад лясьнічага з наказам зьявіцца ў кватэру. Але сабакі, пабрахаўшы, змаўкалі і патрывожаная ноч яшчэ цяжэй насядала на халодную сырую зямлю і яшчэ маркотней шумеў над рэчкай аголены лес. Старая вярба, стоячы над самай хатай, шумела і хвастала галінамі па стрэсе, і як на зло Максіму, гаманіла пра пакражу.

Стукне вецер у ваканіцу, Максім увесь пацяпаўся: яму думалася, што гэта лясьнік, ці аб’ежчык.

II.

Андрэй Плех даўно ўжо меў сабе на прымеце дубок у лесе. Яшчэ летам, соваючыся з каробкаю па грыбох, насунуўся ён на гэты дуб. Як чалавек, каторага агарнулі грэшныя жаданьні, Андрэй, наўперад азірнуўся і пачаў аглядаць важнецкае дрэва. Высокае, роўнае, выноснае, як точанае, яно здавалася, сумыслу[1] тут вырасла на пакусу чалавека. „А пся кроў яго“, цмакаў Андрэй: — „от былі-б восі! А якія хвацкія вышлі-б паліцы на сохі!“ (Андрэй быў майстар па часьці сох). Да не так-то лёгка ўхопіш яго тут: сьсячы, пападзіся, — такі табе штрап закоціць земскі, што і кароўкаю не адапхнешся. І Андрэй, яшчэ раз акінуўшы вокам дубок, уздыхнуў і паплёўся дамоў. На ўсякі выпадак ён замеціў гэта месца. Скора пачалося жні-

  1. Знарок.