Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/115

Гэта старонка не была вычытаная

гною дубкі, каб пусьціць іх у дзела. Якраз прышоў да яго сваяк, Яхім Бубен.

— Чуў ты, — гаворыць Яхім: — Зарубу гоняць вон з стражнікоўства.

Андрэй зьбялеў. У сярэдзіне ў яго нешта заныла, як-бы адарвалася і ён пачуў, як сэрца яго затахкала дробна-дробна.

— За вошта? — спытаў ён.

— А хто яго ведае. Кажуць, аб‘ежчыка набіў, — парубка там нейкая знайшлася ў лесе, ну, і завяліся. А можа так абгаварыў яго аб‘ежчык, хто іх там разьбярэ… От, прасіся за стражніка, — закончыў Яхім.

— А! махнуў рукой Андрэй: служачы — хлеб сабачы.

— Ну, не скажы гэтага. Можна, брат, жыць лепш, як на гаспадарцы: паша дарэмная, дровы — дарэмныя, поле, сенакос, сякі-такі абрывак, — жыць можна.

— Э, брат Яхім: дзе ён ёсьць лёгкі хлеб? Добра служыць з добрымі людзьмі. А калі пачнуць кусаць адзін другога, то доўга не паслужыш. За які-небудзь паршывы дубок, зжалься божа…

Тут Андрэй замнуўся.

— Не, брат, лепей ня знаць такога хлеба.

Яхім бачыў, што Андрэй ня хоча, ня мае ахвоты быць лясьніком. Ну, яго воля.

Усё сяло гаманіла пра Максіма, разьбірала яго справу на ўсе лады. Адны трымалі руку Максіма, шкадавалі яго; другія — наадварот, былі рады, бо зайздросьцілі яму. А наагул нікога блізка не чапала тое, што чалавек страціў кавалак хлеба, і нікога ня цікавіла, як ён страціў яго. Пра гэта ведаў адзін толькі Андрэй. Але ўсё тут абярнулася так, што яму не выпадала падзяліцца з людзьмі сваімі думкамі. Гора ня ў тым, што людзі ня прыймаюць нашых думак, або насьмяхаюцца з іх: тут мы можам хоць цешыць сябе тым, што нашы думкі калі-небудзь знойдуць для сябе лепшы грунт, ці тым, што людзі яшчэ не дарасьлі да іх; усё-ж такі мы можам сьмела гаварыць іх, крычаць, не саромяючыся паказаць іх прад вачыма ўсьяго сьвету. Але таму, хто ня можа сьмела сказаць аб сваіх думках, хто баіцца вынесьці іх з сваей душы на людзкі суд і хто мусіць насіць іх, як атруту, на сваім сэрцы?! Такія нядобрыя думкі апанавалі цяпер Андрэя. Як-ня-як, а ён быў прычынай таго, што чалавека выпіхаюць вон на зіму без кавалка хлеба… Праўда, Андрэю яшчэ ня верылася, што гэта праўда. Яму зрэдка думалася, што ўсё гэта можа яшчэ ўладзіцца, і Максім застанецца. А можа тут хаваецца зусім іншая прычына? Гэтыя думкі на момант супакоівалі Андрэя і ён пытка прыслухіваўся, што гавораць людзі. На другі дзень не заставалася ніякага сумляваньня, што Максіма гоняць. Цяпер пачалі гаварыць ясьней і а прычыне, па якой яго выганяюць. Максім, казалі, прадаў дубок у лесе. Моташна было Андрэю слухаць такія гутаркі — проста сьвет здаваўся яму нямілы.

Здаецца, узяў-бы завязаў вочы і ішоў-бы няведама куды, абы знайсьці заспакаеньне, абы ня чуць тэй згрызоты, што была на яго сэрцы.

І чаго яму было лезьці ў гэты лес? Сядзеў бы сабе спакойна і гора ня знаў-бы. Эх, здаецца, каб нічога гэтага ня было, каб яно толькі прысьнілася яму! Усё-бы было добра, каб ня гэты дубок.