Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/118

Гэта старонка не была вычытаная

Максім нахмурыўся, як-бы цень лёг на яго лоб.

— Скуль ты ведаеш аб дубку?

— Каму і ня ведаць, як не Андрэю, — пажартаваў Стаська Гук.

Андрэй зьмяшаўся, пабялеў і сказаў:

— Так гавораць.

Андрэй зірнуў на Максіма. За апошнія часы Максім асунуўся, пахудзеў. Вочы яго глыбака запалі ў лоб. Відаць, многа горкіх думак, трывогі і клопату перамятушылася ў яго мазгох. І было з чаго: што злога ён зрабіў? за чыю віну паплаціўся? І куды цяпер дзецца? Андрэй, як праступнік, апусьціў галаву. Момант, і ўвесь здрыгануўся, падняў галаву, акінуў усіх поглядам.

— Максім, братка! Гэта за мяне ты пакутуеш: гэта я сьсек дубка![1] Рабі са мной што хочаш. Бі, катуй мяне! Усе змоўклі і пазіралі на Андрэя.

— Няхай будзе пракляты той час, калі я першы раз зірнуў на гэта няшчаснае дрэва.[2] За што цярпіш ты?

Максім горка ўсьмяхнуўся.

— Ты сьсек дубок? Ось, ніколі не спадзяваўся!.. Э! цяпер ужо ўсё роўна. Табе можа ад гэтага лягчэй, а мне — адзін чорт. Ды, калі на праўду вышла, то ты не такі ўжо вінаваты, як табе здаецца… О, каб я цябе злавіў у лесе, то быў-бы другі рахунак. А цяпер твая споведзь паможа мне, як мёртваму кадзіла.

— Паможа, паможа! — закрычаў Андрэй: — я пайду ў лясьніцтва і раскажу ўсю праўду. Няхай мяне судзяць, няхай забяруць апошнюю карову, няхай пухнуць з голаду дзеці, — не кажы толькі, што Андрэй цябе згубіў!

Андрэй крута і з сілай павярнуўся.

VIII.

— Сьмейцеся, добрыя людзі: здурнеў зусім чалавек! — пачакаўшы з паўгадзіны, чуўся жаночы голас каля Андрэевай хаты.

Андрэй, апрануўшы кажух і ўзяўшы палку,[3] вышаў з двара на гароды, каб ня ісьці вуліцай, а жонка стаяла каля парогу і адчытывала Андрэя.

Андрэй маўчаў. Твар яго быў сур‘ёзны, важны і спакойны.

— Вярніся, вярніся, Андрэй! — ня ўнімалася жонка. Андрэй ня слухаў і сьцігаў дальш, не азіраючыся.

— Божа мой! што з ім сталася? пагібелі сабе і дзецям шукае чалавек… Каб ты ногі паламаў, каб ты дарогі ня бачыў! Вярні-і-ся!

Жонка яшчэ доўга плакала і галасіла, а Андрэй тым часам мінуў ужо сяло і вышаў на дарогу. Вокал рассьцілалася поле, голае, пустое, абабранае. Збоку цягнуўся луг наабапал Нёмну. Там і сям стаялі парыжэлыя стагі. Далей перад Андрэем пачынаўся лес, праз каторы ішла дарога. А над усім гэтым вісела хмурае неба, як кепска загаранае поле. На ўзгорках падыхаў халодны паўночны вецер, гразь сьціскалася марозікам і пад нагамі цьвярдзела. Гадзіны праз поўтары Андрэй быў у лясьніцтве.

За сталом у канцэлярыі сядзеў стары лясьнічы. Гэта быў няўступчывы чалавек, з каторым было трудна дайсьці да ладу.

  1. Правільна — дубок.
  2. Полён. — дзерава.
  3. Рус. — кій.