нага: жыве чалавек для таго, каб у гэтым жыцьці як можна болей вывудзіць карыснага й прыемнага для сябе.
— Пастой, брат: ты, здаецца, нясеш нейкую „ерась“[1]. Што-ж па тваему вывуджвае які-небудзь праўдзівы хрысьціянін, адрокшыся ад зямлі з усімі яе дарамі й дабротамі й ідзе ад людзей, каб заставацца на адзіноце з богам? Як прыложыш ты да яго сваю мерку?
— О, гэтыя хрысьціяне — народ вельмі змыслы, і да іх яшчэ дакладней прыстае гэта мерка. Яны, бачыш, маюць вельмі шпаркі разгон і шырока расчыненую губу. Іх не здавальняе зямля й наагул гэты сьвет (хоць і зямлёю яны таксама ня грэбаюць). Ім давай рай, вечнае збаўленьне й бясконцнае ўжываньне радасьці й дабрабыту. А на сваё жыцьцё на зямлі яны пазіраюць, як на спосаб латвей[2] дастасаваецца да гэтага банкету на тым сьвеце.
— Ты занадта[3] агаліў гэты сэнс жыцьця, — сказаў Турсэвіч — і тым самым зьневажаеш і чалавека. Ёсьць людзі, што жывуць ідэямі[4] агульнага дабра. За свае ідэі яны йдуць у вастрогі, на высылкі; за гэтыя ідэі іх крыжавалі, давалі атруту, палілі на кастрох. Тут ёсьць нешта большае, чым асабістая выгада й вывуджваньне карысьці для сябе. І ня можна выводзіць з аднаго прынцыпу дзейнайсьць якога-небудзь жуліка й дзейнасьць чалавека, працуючага ўсё жыцьцё для другіх.
— Гэта толькі здаецца так на першы погляд, — стаяў на сваім Лабановіч: — а гэты прынцып адзін для ўсіх. Справа толькі ў тым, якія ўжываць спосабы, якімі дарогамі йсьці й як разумець гэты прынцып. Але каго ты ня возьмеш: ці то будзе вучоны, вышукваючы новыя законы жыцьця й пракладаючы да яго новыя дарогі, ці то будзе які-небудзь выдумшчык-Эдысон,[5] ці паэта, ці мастак-маляр, ці прапаведнік новага вучэньня, ці самазрокшыйся дзеяч, вечны служка выключна для другіх, — усе яны выходзяць з таго-ж самага прынцыпу. Ня трэба толькі зьмешваць мэту з тымі дарогамі, якімі гэтыя мэты дасягаюцца.
— А ўсё-ж такі я з табою не згаджаюся, — адказаў Турсэвіч.
— А калі-ж у спрэчках згаджаюцца? Згодзішся, калі аб гэтым добра падумаеш. А цяпер давай хіба спаць, бо, здаецца, ужо пачало разьвідняцца.
Шырокі гасьцінець з двама радамі старых бяроз зьбягаў з горкі раўнюсенечкаю сьценкаю кудысь на захад і, чым далей, тым гусьцей здаваліся гэтыя разьвіслыя тоўстыя бярозы, усё болей і болей зьніжаліся яны, а потым зьліваліся ў адзін шнур і замыкаліся сабою самымі, як-бы яны ўпіраліся ў лес і хаваліся за лінію небасхілу.
Ёсьць штось нязвычайна прыгожае ў гэтых прывольных старасьвецкіх шляхох Беларусі. Шырока й размашыста пралягаюць яны ад вёскі да вёскі, ад мястэчак да гарадоў, злучаючы паветы, губэрні й цэлыя краіны. Колькі хараства й чароўнага прывабу ў сініх іх далях! Колькі новых малюнкаў, сьвежых матываў і таемных здарэньняў абяцаюць яны вачом і сэрцу падарожнага! З якою нязвычайнаю сілаю
- ↑ Ерась, гэрась — грэцкае — адхілка ад якогась закону.
- ↑ Пол. — лепш.
- ↑ надта, натта — выглядае на полёнізм — nad to. Пры другой ступені прыраўнаньня — беларусы ўжываюць „над“ таксама, але больш усяго — „за“. Слова — надта — лёгка замяняецца ў беларускай мове словам — вельмі.
- ↑ Ідэя — у розных філёзафаў тлумачыцца па рознаму; наагул думка, якая кіруе чалавекам у яго жыцьці.
- ↑ Эдысон Тамаш — амэрык. фізык. Вынайшаў і ўдасканаліў шмат рэчаў у тэхніцы.