Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/137

Гэта старонка не была вычытаная

УВАГІ:

Ніжэй паданыя словы, будучы вельмі папулярнымі ў беларускай мове, з боку фонэтычнага і морфолёгічнага аднак выклікаюць спрэчку што да прыналежнасьці іх да мовы, а таму патрабуюць асаблівага аб’ясьненьня. Аб’ясьненьні гэтыя, пэўна-ж, ня вырашаць лёсу паданых слоў у мове, бо жыцьцё сільнейшае за стаўленыя яму правілы і па свайму вырашыць гэты лёс. Словы і аб’ясьненьні падаюцца, як дыскусыйны, матар’ял для знаўцаў беларускае мовы, бо дасюль гэтыя словы ўжываліся ў беларускай літэратурнай мове бяз ніякіх засьцярэжаньняў. Некаторыя з паданых слоў уведзены тут з іншых прычын.

Словы паданы ў парадку, у якім яны ўжыты ў папярэднім тэксьце. З увагі на брак пад рукой падхадзячых матэрыялаў для азначэньня крыніц справак, аб’ясьненьні падаюцца ў форме папулярнай. Усе гэтыя аб’ясьненьні будуць прыложаны і да наступных выпускаў з далучэньнем, пэўна-ж, новых слоў.

1) трымаць і дзяржаць — ужываюцца поруч. Добра было-б прыняць якоесь адно. Лепей было-б — апошняе, ад караня якога можна ўтварыць болей тэрмінаў, напр., дзяржава. Дзяржаць — ужываецца значнаю большасьцю славянскіх народаў.

2) моц, мацней і г. д. — з фанэтычнага боку не беларускае, заходняславянскае. Утварылася з праславянскага — могт+ј. Праславянскія злучэньні — т+ј, гт+ј, кт+ј — у беларускай мове далі — ч. У слове з даным каранём маем — немач. Іншыя словы — ноч (*нокт+ј), печ (*пект+ј), сьвечка (*свѣт+ј+ка) і г. д. Слова — моц — не знаходзіць сталага сыноніму ў беларускай мове. У паасобных выпадках з ім сходзіцца — сіла, дуж(ы), магутнасьць, крэпкасьць (у Насовіча) і інш.

3) надта, натта — выглядае на полёнізм — nad to. Пры другой ступені прыраўнаньня — беларусы ўжываюць „над“ таксама, але больш усяго — „за“. Слова — надта — лёгка замяняецца ў беларускай мове словам — вельмі.

4) жагнаць і благаслаўляць — абодва чужыя. Першае — ад нямецкага — Segnen, другое — старабаўгарскае. З увагі на тое, што першы складнік другога слова — блага — мае ў беларускай мове зусім працілежнае значэньне, чым у баўгарскай (таксама ў іншых паўднёваславянскіх і чэскай), беларусы ўжываюць — багаславіць, якое фактычна замяняе свой орыгінал толькі з неабходнасьці і ўжываецца хіба толькі з чуцьця славянскай солідарнасьці.

5) енк — фактычна, польскае — jęk; немагчымае ў беларускай мове, якая юсаў (насовак) ня мае. Мела-б быць — юк, як… У беларускай мове амаль з тым-жа значэньнем ужываецца — стогн, але з адценкам — жалобны стогн (Насовіч). Енк, аднак, вельмі папулярнае ў народзе, як нападабляючае гукі.

6) слуп, аслупець і г. д. — фонэтычна заходняславянізм. Паходзіць ад праслав. - стълб(п)ъ. Прасл. *ъл+зычны — у беларускай мове даюць — оў, напр. — доўгі, коўтаць і г. д. Тады данае слова пабеларуску правільна мусіць быць — стоўб(п). Так у многіх мясцовасьцях і ўжываецца; маем мястэчка — Стоўпцы. Тады — стоўп, стаўпа…