Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/27

Гэта старонка была вычытаная



XI.

Падхапілі, ўзялі гусьляра-старыка,
Гусьлі разам яго самагуды;
Па-над бераг круты, дзе шумела рака,
Павялі, панясьлі на загубу.
Месца выбралі здатнае, вырылі дол,
Дол тры сажні шырокі, глыбокі;
Закапалі, убілі асінавы кол,
Далі насып тры сажні высокі.
Не часалі дамоўкі[1] яму сталяры,
Не заплакалі бліжнія вочы;
Змоўклі гусьлі і ён з тэй пары — да пары;
Сум і сьціша залеглі, як ночай.
Толькі князеўскі хорам гудзеў, не маўчаў;
Шалы, музыка ў тахт рагаталі;
Не адну віна бочку князь кончыў, пачаў:
Шлюб-вясельле ўсё княжны гулялі.

XII.

Пацяклі, паплылі за гадамі гады…
На гусьляравым наспе жвіровым
Палыны узышлі, вырас дуб малады,
Зашумеў непанятлівым[2] словам.
Лет за сотню зьвёў час, ці і болей мо’ лет;
Зацьвілі пераказы ў народзе;
Кажуць людзі: ў год раз ночкай з гусьлямі дзед
З кургана, як сьнег, белы выходзе.[3]
Гусьлі строе свае, струны звонка зьвіняць,
Жменяй водзе па іх абамлелай,
І ўсё нешта пяе, што жывым не паняць,[4]
І на месяц глядзіць, як сам, белы.
Кажуць, каб хто калі зразумеў голас той,
Не зазнаў бы ніколі ўжо гора…
Можна тут веру даць — толькі слухаць душой…
Курганы шмат чаго нам гавораць.


На Куцьцю.[5]

I.

На небе зоры ўжо мігцяць,
На полі срыбны[6] сьнег іскрыцца;
На бел-сьвет дзівы выпраўляць
Пляцецца ночка-чараўніца.
Глуш абнялася з цішынёй,
І спавівае ўсё ў чары,

  1. Труны.
  2. Русіц. — незразумелым.
  3. Провінц. — выходзіць.
  4. Русіц. — не зразумець.
  5. Вечар перад Калядамі.
  6. Полён. — серабраны.