Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/34

Гэта старонка была вычытаная

Маўчым і мы і, як сьляпыя,
Як цьмы, снуёмся з кута ў кут,
Адно віхор падчас завые
Ды зьмей прамкнецца там і тут.

На курганох засьвецяць росы —
Крывавы росы — сьведкі мук…
А ў хатах сьпяць цапы і косы —
І ўсё чакаюць ёмкіх рук.

|}


Цару неба й зямлі.

За што, о Божа праведны, магучы,
Караеш так няшчасны свой народ?!
Чаму на стогн маўчыць Твой гром бліскучы,
На стогн, што да Цябе йдзе з году ў год?

За што над намі даў перамаганьне
Табою створанай бядзе і цьме,
Спладзіўшы быт сірочага кананьня
Сыном і іхняй матцы-старане?

Ты пярунамі крышыш горы, скалы,
І пушчам гібелі Твой шле пажар,
А нашых крыўд скрышыць, спаліць і хвалай
Зьмяніць ня можаш Сьвету Уладар.[1]

Зямлю услаў Ты ў моры-акіяны,
Што-год разводзьдзем мыеш рэк сваіх, —
Чаму-ж ня змыеш Ты цярпеньняў раны
З душы і сэрца верных слуг Тваіх?

Вачамі сонейка і зор агністых
Агляд Ты робіш дзень і ноч міроў,[2]
І толькі сьцежак нашых камяністых
Ня бачыш ты, Ўсясільны Цар Цароў.

Ня бачыш тых магіл, што путы родзяць,
Магіл, расьсеяных, як мак, Табой,
Скуль цені прадзедаў выходзяць
І ўзносяць рукі ўвысь к Табе з мальбой.

Ты ў цьвет сваіх нялічаных народаў
Мінуўшчыну і будучыну ўбраў,
А ў нас — караючы чужой свабодай —
Мінулае — і тое адабраў.

Бадзяцца кінуў па нязьмерным сьвеце,
Нявольнікамі кінуў нас гібець
За тую веру, што бацькі і дзеці
Лет сотні ў моц Тваю вучылісь мець.

  1. Стара-баўгарызм або чэхізм; — Валадар.
  2. Рус. — сьветаў.