1-шы падарожны
Э, плюнь, суседзе, на ўсё гэта, —
Каб нам такой бяды павек!
Сьцюдзёна, цёмна, ды ўсё-ж лета —
Ня счэз ніводзін чалавек.
А можа хто яшчэ над’едзе
І зьніме гэты клопат з нас?
Дый пяршыня, ці што, суседзе,
Ў дарозе мець такі папас?..
2-гі падарожны.
Мо’ помніш леташнюю восень.
Ўвесь сьвет быў глух, і дзік, і пуст;
Шум ня сьціхае гонкіх сосен,
Здаецца, плача кожны куст
Здаецца, пеклава вясельле
Ўзьнялося, круціцца, сапе,
Ні блыску зорак, ні прысельля,
Конь толькі пудзіцца, храпе
Цурком дождж льлецца, як із луба[1];
Скаголе[2] вецер, як той зьвер,
А мы пад хвойкамі, аж люба.
Начлег спраўляем, як цяпер
3-ці падарожны, (прыслухаючыся).
Пастой, суседзе! нешта чую:
Як быццам фыркнуў мой гняды…
Кром нас, ніхто тут не начуе, —
Каб не набраціся бяды?!
1-шы падарожны
Сядзеце вы, а я падскочу[3].
І кіну вокам на вазы:
Мо’ сена хто наскубсьці хоча, —
Вось шэльме дам, дык дам лазы.
(Адходзячы, чапляецца лапцем за сук, і валіцца).
А каб цябе паляруш[4] мучыў!
Чуць-чуць ня вывернуў нагу…
На сук, на самы, неяк лучыў.[5]
Ну, ўжо гатова, ўжо бягу.
(Па нейкім часе варочаецца з незнаёмым).
Вось вам і злодзея на рукі
На вашы гэткага здаю…
|