[Нейкую хвіліну ціха. Паўлінка падходзіць браць шклянкі, але ўсе адмаўляюцца].
[Госьці ўстаюць з-за стала, дзякуючы гаспадару і гаспадыні. Паўлінка частуе гарбатаю музыкаў. Гаспадар перапрашае, што няма гарэлкі, дый ідзе да дзьвярэй, пачуўшы, што яшчэ нехта новы прыбывае].
Зьява II-а.
Тыя самыя і Адольф Быкоўскі.
Сьцяпан [спатыкаючы Адольфа ў дзьверах]. А-а! Нарэшце зьявіўся дарагі госьцік. Што-ж гэта, каханенькі- родненькі, так доўга чакаць на сябе нас заставіў?[1]
Адольф [вешаючы пальто на сьцяне каля парога]. Пахвалёны ў хату!
Колькі галасоў. Навекі! навекі!
Адольф [вітаючыся з Сьцяпанам]. Выбачайце, што трохі прыпазьніўся. Але гэта вінават мой жарабец. Як панёс з гары, што каля Прытыкаў, і мяне выкінуў і воз зламаў, так што аж мусіў другую каламажку ўзяць; праз тое і замарудзіў.
Адзін з музыкаў [у бок да другога]. Каб ён толькі дыхаў! Які яго чорт нёс? Прыстаў конь, ды ўсё тут.
Другі музыка. Няўжо-ж што? У мае вочы заплаціў вясной за нейкую здыхляціну трыццаць рублёў, і тая ўжо скарэй яго панясе.
Сьцяпан [да Адольфа]. Проша-ж, проша[2] далей, сюды, дзе бліжэй кут і дзе ўсе тут.
Адольф. Дзякую, дзякую вашэці. Проша са мной клопату не рабіць. [Ідзе і з усімі вітаецца; Альжбету цалуе ў руку, стоячы к ёй бокам і ня згінаючыся].
Альжбета. Проша пана Адольфа, проша за стол. Можа вып’еце гарбаты і чаго закусіце? [Да Паўлінкі]. Паўлінка, налі пану Быкоўскаму гарбаты!
Адольф [сядаючы за стол з другога канца ад музыкаў і закурваючы папяроску]. А што-ж у васпанства добрага чуваць?
Сьцяпан [прысаджваючыся к сталу]. Ды што ў нас чуваць? Старая баба ня хоча здыхаць, а маладая замуж ісьці.
Адольф [самадавольна]. Хе-хе-хе! старую трэба пшыдусіць, а маладую пшымусіць.[3]
Альжбета [да Сьцяпана]. А ваша схадзі паглядзі, ці добра прывязаны конь пана Быкоўскага?
Адольф. Ня турбуйцеся! Я яго добра прывязаў.
Сьцяпан. Каханенькі-родненькі, хоць і прывязаў, але сена пэўне ня даў. У нас так: госьць, як папала, а жывёліну — дык трэба добра даглядзець. [Выходзе].
Зьява III-ая.
Тыя самыя без Сьцяпана.
Паўлінка [стаўляючы перад Адольфам гарбату і сама садзючыся аподаль]. Што ж гэта — пана Адольфа конь хацеў разьнясьці?