Адольф. Я як-жа! Тры сотні вясной заплаціў і толькі клопату нажыў. Але ў мяне ўсё так! Каровы мае кожная варта па якой сотні рублёў; як загілююць летам, дык і на добрым кані іх ня ўгоніш.
Паўлінка [хітравата]. Пэўне і авечкі ў пана Адольфа таксама гілююць ?
Адольф. А так, так! Маю пятнаццаць старых і дваццаць маладых. Як удара гарачыня, дык яны чуць ня ўсе чыста круцяцца на адным месцы.
Паўлінка [ідучы па гарбату для сябе, у старану публікі]. Матыліцы авечак мучаць, як і сам тут [паказваючы пальцам на сваю галаву] матылі мае, а думае, што яны зыгуюць[1].
Альжбета. Якія-ж сёлета ўраджаі ў пана Адольфа?
Адольф. А нішто сабе. [Відам лгучы]. Жыта нажаў коп са дзьвесьце, аўса таксама — са дзьвесьце, ячменю з сотню.
Адзін з гасьцей. А колькі-ж у пана зямлі?
Адольф. Валокі з паўтары будзе.
Госьць. І лес ёсьць?
Адольф [абціраючы хустачкай лоб]. А як-жа — ёсьць: з паўвалокі, калі ня болей. Сасна ў сасонку.
Госьць. І сенажаць ёсьць?
Адольф. Ёсьць, ёсьць! Над самай рэчкай, таксама з паўвалочку. Мурог,[2] як шафран!
Музыка. Дык у пана ўсяго з паўвалочку ворнай зямлі?
Адольф. Н-нуу, так! З добрую паўвалочку.
Альжбета. У нас ворнай зямлі мусіць і са тры валокі будзе, і то мы столькі не нажалі.
Паўлінка [сеўшы з гарбатай пры стале]. Пан Адольф лепшы, відаць, за нас гаспадар.
Адольф. О, у мяне гаспадарка ні ў чым ня зблыша. У мяне жонка — і то будзе лепшая, як ува ўсіх.
Адзін з гасьцей. Каб толькі не ўдалася наравістая!
Паўлінка. Цікавасьць, ці пан Адольф ужо затаргаваў сабе якую?
Адольф. Гэта, пакуль што, сакрэт.
Паўлінка. А мне пан Адольф скажа?
Адольф. Так. Але перш тату і маме, а пасьля ўжо і васпаньне на самае вушка.
Паўлінка [бяручы ў яго шклянку] Добра, добра! Пан Адольф, як ведаў, што я трохі глухавата.
Адольф. Глухавата!…
[Паўлінка, ідучы па гарбату, гаворыць у бок публікі: „Трэба шэршня за нос павадзіць“… і іншае. З боку гасьцей і Паўлінкі чуецца нейкі час востры жарт. Паўлінка частуе музыкаў і заяўляе, што яна хоча скакаць з панам Адольфам Лявоніху. На гэта чуе адказ]:
Адольф. Фі! Я такіх мужыцкіх танцаў ня гуляю!
Музыкі [да Паўлінкі]. Дзякуем! Ужо, як належыць, сабраліся; цяпер можам рэзнуць што-колечы для паненкі. [Садзяцца на свае месцы і зводзяць струмэнты].
Паўлінка [да Адольфа]. А якія-ж вы танцы гуляеце?