Сам бяз шапкі, босы ногі,
Грудзіна раскрыта;
Б’юць каменьні аб нарогі,
Скрыгацяць сярдзіта.
І шуршаць пяскі буйныя,
Як жарства рачная,
Ходзіць подскакам ў дрыготках
Сошачка крывая.
Аратай ідзе спавагу,[1]
Мерна, крок за крокам.
Вузка доўгая палоска,
Не акінеш вокам.
Пройдзе боразну аратай,
Сошку падтрасае,
Сам назад ўвесь падаецца;
Конік службу знае:
Сам заходзіць без панукі,
Без команды, спраўна,
Аж нейк глянуць на сівога
Люба і забаўна.
Нібы знае сівы конік
Думкі аратая,
І яго панукі-крыку
Сіўка не чакае.
Аратай-жа, завярнуўшысь,
Спыніць друга-сіўку,
Слова ласкавае скажа
І паправіць грыўку;
Гладзіць коніка па шыі,
Мух дакучных гоніць,
Як-бы з самым лепшым другам,
З сіваком гамоніць.
— Змардаваўся?[2] адпачынь, брат!
Пастаім, пакурым;
Вератнік[3] мы гэты скончым,
Спачываць патурым.
Конік трэцца галавою
Аб яго кашулю;[4]
Адпачыўшы, зноў ён цягне
Сошачку-крывулю.
А аратай, задуменны,
Зноў ідзе ступою.
Моцна, моцна[5] іх зрадніла
Праца за сахою!
— Гэй, мой конік! гэй, мой сівы! —
Носіцца па полі.
Конік, сошка і аратай
Мерна йдуць паволі.
Эх, ты поле! колькі сілы
Тут затраціць трэба!
Цяжка, цяжка дастаешся
Ты, кавалак хлеба!
|}
Няшчасная маці. У кожную ночку, як сьвет заціхае, Ідзе яна ціха, як ночка, панура, І далей бяз шуму ідзе на балоты, |
- ↑ Паважна.
- ↑ Полён. — змучыўся, змарыўся.
- ↑ Кавалак поля — мера.
- ↑ Лепей — сарочку.
- ↑ моц, мацней і г. д. — з фанэтычнага боку не беларускае, заходняславянскае. Утварылася з праславянскага — могт+ј. Праславянскія злучэньні — т+ј, гт+ј, кт+ј — у беларускай мове далі — ч. У слове з даным каранём маем — немач. Іншыя словы — ноч (*нокт+ј), печ (*пект+ј), сьвечка (*свѣт+ј+ка) і г. д. Слова — моц — не знаходзіць сталага сыноніму ў беларускай мове. У паасобных выпадках з ім сходзіцца — сіла, дуж(ы), магутнасьць, крэпкасьць (у Насовіча) і інш.
- ↑ Здань, зданьнё.
- ↑ Што стаяць на крыжаваньні дарог.