Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/88

Гэта старонка была вычытаная

Ўсіх, каго я тут ні бачыў,
Ўсіх, каго ні спатыкаю.
— Чапля! чапля! стой! — гукаю:
Ты ня ведаеш, скажы ты,
Ці я сам страхоў шукаю,
Сам іх вобразы ствараю,
Ці тым страхам ўсе спавіты?
— Ня пытайся: я ня знаю! —
Тры вароны ляцяць з гаю.
Цяжка крыльлі іх мігаюць.
— Гэй, спынецесь! справу маю:
Штось у вас я запытаю… —
— Мы ня знаем!.. Не, ня знаю!
Закрычалі і зьнікаюць.
Насустрэч старцы дыбаюць.
— Скуль вы, людзі? Хто такія? —
Воч старцы не падымаюць,
Ўсе маўклівы, разважаюць:
— Мы — сьляпыя, мы — глухія! —
Цені сталі болш густыя,
Многалучны[1], нясчысьлёны,
Многазначны, хоць пустыя,
Вельмі страшны, бо нямыя,
Пад пячацьцю ўсе замкнёны.

|}


Покліч.

Гэй, чулыя сэрцам! Гэй, душы жывыя!
Ідзеце вы долі шукаць
Ёсьць у вас сілы яшчэ маладыя,
Ёсьць яшчэ крыльлі лятаць!

Але ўважайце: балотная бросьня[2]
Іх кожную хвілю сачыць,
А гнільлю зацягне, душа не ўваскросьне,
Ўгару над зямлёй не ўзьляціць.

Вы чуеце хваляў жывых набяганьне?
Прыгледзьцеся: новыя дні,
На вас пазіраюць у іскрах сьвітаньня,
І сьвецяць другія агні.

Сьпяшайцеся, брацьці, расою халоднай
Ваш твар выразьлівы абмыць
І воздух гаючы палёў, нівы роднай
У грудзі чым больш захапіць.

Але памятайце: на вашым сумленьні
Нясплачаны доўг векавы:

  1. Русіц. — шматкосныя, шматпраменныя.
  2. Плесень.