Меч, агонь зьнішчалі край:
З двух бакоў „айцы“ дубінай
Заганялі нас у рай!
Кроў лілася ручаямі,
Зрада чорная расла,
Што папамі і ксяндзамі
Ў сэрца кінута была.
І цяпер над намі, брацьця,
Яшчэ ў сіле той раздор —
І папоўскае закляцьце
І ксяндзоўскі нагавор.
Брацьця мае, беларусы!
У тэй кнізе людзкіх спраў
Сам лёс, мусіць, для спакусы
Гэты край нам ад’значаў.
Тут схадзіліся плямёны
Спрэчкі сілаю канчаць,
Каб багата адароны
Мілы край наш зваяваць,
А нас цяжка ў сэрца раніць
Пад прыгон узяць навек,
Нашы скарбы апаганіць,
Душу вынесьці на зьдзек,
Каб у віры тэй ашукі
Зьнішчыць нашы ўсе сьляды,
Каб ня ведалі і ўнукі,
Хто такія іх дзяды.
І лілася кроў нявінна —
Швэд набытак наш паліў,
А ўрад царскі самачынна
Тут гвалтоўнасьці тварыў,
Будаваў астрог народу
І барбарскім[1] капылом
Мерыў волю і свабоду,
А культуру нёс з калом.
І бяз жалю капытамі
Конь казацкі тут ступаў
І збажынку з ярынамі
Талачыў і драсаваў.
..............
..............
|}