Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/96

Гэта старонка была вычытаная

Бо будзе крыку, будзе сваркі, —
Няхай лепш цэлы[1] будуць каркі.
Эх, час касьбы, вясёлы час!
І я ім цешыўся ня раз,
І з тога часу па сягоньня
Мне сонцам сьвеціць Наднямоньне.
Касцы рассыпалісь па гаку[2]
Як-бы ідуць яны ў атаку,[3]
І жыва менцяць свае косы;
І ткуцца здольныя палосы,
Лажацца роўнымі радамі;
А за касцом двама сьлядамі
Адбіткі ног яго кладуцца,
А косы сьвішчуць і сьмяюцца.
Тымчасам сонца вышла ўгору
І з безгранічнага прастору
Шырокай плыньню агнявою
На землю шчодраю рукою
Льле блеск гарачы і яскравы;
І вянуць скошаныя травы,
І выглядаюць нудна палі.
На луг другая коціць хваля:
Ідуць грабцы, жанкі, дзяўчаты,
Убраны хораша, бы ў сьвята:
Чырвоны колер, белы — ўсякі,
Бы ў агародзе тыя макі:
Ідуць, пракосы разьбіваюць,
З лагчынак сена выграбаюць.
То там, то сям у чэсьць пятровак
З грудзей тых макавых галовак —
Дзяўчатак слаўных, яснавокіх —
Ў лугох прасторных і шырокіх
Плывуць-дрыжаць сьпяванактоны
І тыя песьні засмучоны
І млеюць ў стомленым абшары,
Як-бы адбітак божай кары.
...............
А глянь на луг пад вечар, браце!
Увесь, як ёсьць, ва ўсім ахваце,
Па ўсіх грудох, аж за дарогу,
Устаўлен копамі мурогу;[4]
І так сьвяжуткі копкі тыя,
І так выразны — бы жывыя,
І выгляд кожнае адметны,
Але ўсе разам так прыветны.
Вазы шыбуюць важна, стала,
Бы тых вагонаў рад нагнала.
Павее ветрык — што за пахі!
Мёд разьліваюць тыя гмахі,[5]
Віно найлепшае і ром,[6]
Як плата шчырая касцом.

|}


Жніва.

І так заціхлі сенажаці,
Пайшла каса адпачываці,
Да часу зьвісшы пад страхою,
Каб быць заўсёды пад рукою
На ўсякі выпадак, патрэбу.
Цяпер увагу дайце хлебу —
Сярпок крывенькі просіць дзела,
Жытцо падходзіць, пабялела.
Саломку выгнуўшы дугою,
Зьвісае колас над зямлёю,
А сьпела-поўныя зярняткі
Глядзяць, як спонкі-вачаняткі,
Нібы ім хочацца хутчэй як
Спаткаць-убачыць мілых жнеяк.
Прышоў жаданы час спатканьня.
Глядзіць прыветна дзянёк зраньня;
У блеску сонца нікнуць росы;
Сьвяжуткі, чысьценькі нябёсы,
Бы тыя вочкі маладыя.
Застылі хмаркі залатыя.
Дымок танюткі белаваты
Ўжо павіваецца над хатай,
Бо трэба-ж выпаліць печ тую
Ды йсьці на ніўку маладую.
Угрэла сонца. Жней чародкі
Ідуць паважна, як лябёдкі,
У хустах лёгкіх, кофты белы,
Іх рукі дужа загарэлы.
Ідуць дзяўчаты, маладзіцы
І жарты строяць, як блазьніцы,
Ідуць шумлівы, гаварлівы,
Зьвініць іх голас, сьмех шчасьлівы;
Чутна і песьня маладая, —
І поле раптам ажывае.

  1. Лепш — цэлыя.
  2. Мае рознае значаньне: тут ужыта ў значаньні меры, вучастка лугу.
  3. На вайне — астатні бой штыкамі.
  4. Дробная травы, сена.
  5. Вялікія будынкі, тут — вялікія копы.
  6. Від віна; п‘ецца з гарбатай.