Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/98

Гэта старонка была вычытаная

Галодны, можа, небаракі,
А мо, абрыдлі ім прысмакі —
Вяндліны,[1] мяса і катлеты —
Павысыхалі, як шкілеты,
Іх вецер з ног чуць ня скідае! —
Марцін тут жарту падпускае.
— Ну вось, ужо і даў задачу!
— Ты нездаволены, ак бачу,
Але пастой, Міхал, даслухай,
Тады ўжо ты глуздом парухай:
Пан прыказаў яшчэ васпану,
Злавіўшы рыбы, каб тады-жа
Сам васпан вёз і да Нясьвіжа
Таму-другому калашману,[2]
Што падпіраюць князёў замак,
Для цешчаў іх і розных мамак.
— Наказ нічога для пачатку!
Што-ж далей будзе, пане-братку?
Э-гэ-гэ! ня мець спакою! —
Міхал затрос тут галавою:
— Ой, дасца гэта служба ў знакі!
На карк усьсядзе д‘ябал ўсякі.
Хіба ён літасьць, сэрца мае?
Ўжо двух у службу запрагае:
Адзін на рыбу — той ў адборку…
Няма на іх, гадоў, паморку,
Вось на такіх чартоў лазатых,
На гэтых джынджыкаў праклятых!
Быў чалавек, што можна-б ладзіць,
Дык вось няма — памёр! Ня вадзіць
На добрых нам паноў ніколі.
А вось такі „Рак“, ліха долі,
Ня будзе мець табе і зносу.
Так, брат: для нашага ён лёсу!
І ёсьць-жа прыказка такая:
„Кляні ты пана — пан сычае!“
Міхал хадзіў і бунтаваўся
І на лясьнічага злаваўся.
— Ідзе работа, сеяць трэба,
Ляжыць няўзораная глеба,[3]
А ты й каня бяры ў прыдачу…
Сказаць-то лёгка — даў задачу!..
О-то бяда! О-то галеча!
А меў-бы кут свой, чалавеча,
Ці-ж бы служыў? Цярпеў-бы здраду?
Даўно-б у морду плюнуў гаду!
Пайшоў ты к ліху! праваліся!
Сам гэтым хлебам падавіся!
— Вось тут-та, брат, і гора тое
І гэта ліха насланое,
Што нам няма дзе зачапіцца,
І мусім з гэтым мы гадзіцца,
Пад дудку панскую скакаць
І іх загады выпаўняць —
Цябе-ж дзяруць, як тую ліпку!
Марцін з кішэні выняў піпку,[4]
Цыбук заядла прадзімае
І піпку пальцам набівае.
— Цьфу! лае, бэсьціць з-за нічога!
А мух, брат, мух у носе многа!
І так нясецца ён, васпане, —
Тычына шапкі не дастане!
Не пазірае табе ў вочы,
Глядзіць, бы воўк той, заўжды[5] скрыва
І заўжды злосны ён на дзіва,
І заўжды лаяцца ахвочы…
Ды чорт яго бяры, Міхале!
Што зробіш гэтакай завале?
Ось будзем жыць сяк-так памалу.
Ці гэта ў першы раз Міхалу
Такія справы мець з панамі?
Няхай яны лепш здохнуць самі,
Чым мець праз іх яшчэ згрызоты.
Хіба-ж, Міхале, мы сіроты?
І пан, калі нам пашанцуе,[6]
Пад нашу дудку затанцуе:
Няпраўда — згіне племя злое!
— Калі-ж то будзе сьвята тое,
Хіба, як возьме нас магіла?
Ня наша, браце, а іх сіла!..
Адно, брат, тут: старацца трэба
Прыдбаць сваю скарынку хлеба,
Бо людзі кажуць: „Хлеб служачы
Ня надта добры, хлеб — сабачы!“
І не сабака страшан воўку,
Калі прышлося сказаць к слоўку,
Мой пане-браце, мой Марцяга,
А няпрыемна аго зьвяга! —
Яшчэ крыху паразважалі
І трохі злосьць сваю сагналі.
Марцін пайшоў, але для пана
Было яшчэ крыху дадана
Ня вельмі добрых пажаданьняў
І пацер розных і літаньняў.
Але дабра, палёгкі, толку
Ня прыбыло з таго й на голку…

|}

  1. З польскага — „венджанае“, вужанае, копчанае мяса.
  2. Чалавек з абадранаю адзежаю.
  3. Грунт, ральля.
  4. Люльку.
  5. Полён. — заўсёды.
  6. Пашчасьціць.