Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск III.pdf/52

Гэта старонка не была вычытаная
Малітва малога Габрусіка.

— А ведаеш што, сынку? — сказаў Ігнат свайму маленькаму Габрусіку, — рыхтуйся: абувай новыя лапці, бо паедзем на імшу! Няхай сягоньня Настуля ганяе ў поле, — патрапіць ужо; а мы з табой, каток, у царкву паедзем.

Гэта было ў нядзелю раніцай. Бацькі Габрусіка жылі далёка ад мястэчка, ладны кавалак ад вёскі, на адзіноце, над рэчкаю, ля цёмнага лесу. Ігнат служыў палясоўшчыкам у блізкага пана і цалюсенькія дні швэндаўся па лесе са стрэльбай на плячох. Маці хадзіла ў двор на падзённую работу; сястрыца Настуля аставалася няньчыць маленькага Міхаську, а Габрусік з торбачкай на плячох пасьвіў на балоце ды па асоцы бурую кароўку, цялушку, парасё і пяток гусей.

Надта ўсьцешыўся Габрусік: ніколі ён яшчэ ня быў нідзе. Падеўшы аладкаў, насёрбаўшыся заціркі, надзеў ён новую кашулю, бацькаўскую суконную камізэльку, новыя лапці з белымі анучамі і паехаў з бацькам на худой кабылцы ў мястэчка.

Новым і дзіўным здалося яму на дарозе ўсё: і вялікая вёска, дзе дзяцюкі ігралі на гармоніку, дурэючы з дзяўчатамі, і шырокія вуліцы мястэчка з вялікімі хатамі, і народ, каторы кішэў на рынку. Але ён маўчаў, вытрашчыўшы вочы, быццам дзікі зьвярок.

— Пастой! — кажа яму бацька, тпрукаючы кабылу, — пайду куплю абаранкаў!.. І, выняўшы з-за пазухі капшук з махоркай, дастаў адтуль некалькі медзякоў і купіў у жыдоўкі абаранкаў для Габрусіка: але той і ня думаў іх есьці...

Вось і царква... Яны ўжо стаяць у сярэдзіне, і дзіўна блішчаць Габрусёвы вочы. Бачыць ён: поп у рызе, шытай золатам, стаіць на амбоне і пяе... Шмат агоньчыкаў сьвеціць, як зоркі ў небе, а людзі бяз шапак стаяць і шэпчуцца, быццам вецер у бары... Зьвіняць званы над вялікай брамай, як-бы грымоты ў час страшэннай навальніцы на лузе.

Маўчыць Габрусік, — маліцца ня можа ён: ніхто яго ня вучыў; але ў яго маладым сэрцы ўжо даўно бог жыве... Даўно душа Габрусіка моліцца яму бяз слоў...

Помніць ён, як канаў стары дзядуля, Антон, з шырока расплюснутымі вачыма; угледзеўся ён, як хавалі на могілках старога, і пазнаў, што ёсьць бог на сьвеце.

Помніць ён, як радзіўся на сьвет яго маленькі брацейка, Міхаська, і быццам зірнуў на бога...

Бывала, раніцай, калі яшчэ ўсход чырвоным морам калыхаўся над сонным лесам, птушкі пяялі над рэчкай, а вецер шаптаўся ў кустох і калыхаў залатыя хвалі на панскім жыце, тады нешта яго быццам рукамі хапала, і ён пускаўся бегчы, падбрыкаваючы, або клаў у губу пальцы і так моцна 2) сьвістаў, ажна сам пасьля пужаўся зычных водклікаў шырокай і прасторнай ваколіцы.

О, ён, пазнаў, што бог над зямлёй пануе. Душой прачуў...

Моляцца людзі і старыя, і маладыя, і бедныя, і багатыя — усе з паднятымі да неба вачыма... Моліцца і бацька яго, а Габрусік глядзіць і ня чуе, як абаранкі высыпаюцца ў яго з рук, глядзіць ва ўсе бакі і маўчыць.