Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск III.pdf/81

Гэта старонка не была вычытаная

∗     ∗

Каб усе так сьлёзы нашага народу
Раптам сабраліся ў дажджавую воду,
То такім бы ліўнем хлынулі, плылі,
Што другі патоп зноў быў-бы на зямлі:
Сорак дзён і ночаў дождж тагды ўсё ліў-бы,
Цэлы сьвет вадою зноў ён затапіў-бы!

Каб усю так крыўду беднай Беларусі,
Стогны, боль, загубу (зносіць што ў прымусе),
Жальбы ўсе і гора сонцу паказаць,
То ад грому неба стала-бы дрыжаць,
З пяруноў-маланак хутка-бы аглухла,
Ад пракляцьця-ж сонца яснае патухла!...


∗     ∗

Хто адрокся сваіх,
Хто стыдацца нас стаў
І прыліп да чужых,
Каб ён сьвету ня знаў!

Мову родную хто
Пазабыў[1], асьмяяў,
Загубіў за нішто,
Каб ён сьвету ня знаў!

Сваю родну зямлю
Хто чужынцу прадаў —
Скрыўдзіў вёску сваю,
Каб ён сьвету ня знаў!

Хто з народам ня жыў
І карысьці ня даў,
Хто сваіх ня любіў —
Каб ён сьвету ня знаў!


Дудачка.

(Пасьвячаю Р. Зямкевічу).

Ранкам дудачка прачнецца,
Як пераначуе, —
Кіне плакаць, засьмяецца,
Хто яе прачуе.

Зараз хуценька зайграе,
Думкай загарыцца,
Бо няшчасну долю мае —
Сьмерці не баіцца!…

Думка ўсюды йдзе за мною,
З беднатой зжылася.
Хто-ж з людзей згадае тое,
Скуль яна ўзялася?…

Хіба крыўда — родна маці?
Жаль — прыхільны бацька?
Хіба шчасьце — толькі лапці,
А плач — родны дзядзька?...

Мне яна пацеха тая,
Што не умірае,
Так, як зорка залатая,
Ў ночаньку мігае!

Цяжка ў сьвеце ёй жывецца
Горкаю навычкай —
Беларускаю завецца
Дудачкай мужыцкай!


  1. Рус. — забыўся.