Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск III.pdf/84

Гэта старонка не была вычытаная

На дзяды.

Мы за тых, што ніколі ня мелі падмогі:
Абяднелых, зблудзіўшых з праўдзівай дарогі,
Што бяз праўды, патолі жыць ня мелі сілы —
Супачыць паляглі ўжо на век у магілы —
Па жыцьці сваім цяжкім, бадзячым…

І за кволыя душы, і за хворыя целы,
І за тых, што спаганілі вопраткі белы,
Што зракліся сваіх і народнае волі,
І далі нам больш сьлёзаў, бяды і нядолі —
Мы памолімся, ўспомнім, заплачам…


Конь-ратай.

Сярод шэрай ральлі конь-ратай трупам лёг,
А на трупе яго села сіва-варона:
„Эх ты, бедны мой конь-гаспадар, на палёх
Праца цяжка была ўся твая абарона…

Аж твой труп у плугу на ральлі схаладзеў —
І зярнят на пасеў прывязьці не пасьпеў…


Сон на Нёмне каля Шчары.

Далёка на Захадзе сонца заходзе
І месяц глядзіць ўжо з Усходу,
Плыву я па Нёмне і з чоўна насподзе
Ўзіраюсь на ціхую воду.

Здаецца мне: „сонца зноў бліснула й стухла
І вечар наўкола пачаўся —
І бачу: як, быццам, сьвечкамі бухнула,
Далёка сьпеў сумны раздаўся.

Зусюль навакола званіць ў званы сталі,
Аж лісьці ад дрэў затрасьліся,
А над ракою крукі закрычалі —
Высока уверх падняліся.

Я бачу: плывуць ось плыты за плытамі —
І шмат на іх домікаў-будак,
І чую і бачу я, што між агнямі
Шмат плытніцкіх скрыпак і дудак.

На чорных плытох там харугваў дуброва
Паціху сабе шалясьціць,
А бліжай канца дамавінка кедрова —
І ў ёй Беларусь там ляжыць.