Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск III.pdf/9

Гэта старонка не была вычытаная

Толькі-ж уцешся, матуля каханая!
Слуп твой патроху пачаў падгніваць,
Прыдзе к нам воля — сьвятая, чаканая,
Сець з ланцугоў як пачнём разрываць.

|}


Ты, мой брат…

Ты, мой брат, каго зваць Беларусам,
Роднай мовы сваей ня цурайся[1];
Як ня зрокся яе пад прымусам,
Так і вольны цяпер не зракайся.

Ад дзядоў і ад прадзедаў, браце,
Гэта скарб нам адзін захаваўся,
У сялянскай аграбленай хаце
Толькі ён незабраны астаўся.

Ў старыну Беларус непадданы
Гаспадарыў, быў сам над сабою
І далёка у сьвеце быў знаны
За літоўскай і ляшскай зямлёю.

Але час прамінуў, і нядоля
На народ, як-бы камень, звалілась,
Беларуская слава і воля
Адыйшла, адцьвіла, закацілась.

Не зьмяняючы шэрай апраткі,
Працаваў ты, як вол, гаратліва;
А у хаце тваей недастаткі,
А на ніве тваей неўрадліва.

А чаму? Ты няздольны, ці хворы,
Ці благі гаспадар, ці п’яніца?
Мусіць не! Бо і іншым у пору
У цябе гаспадарыць наўчыцца.

Сьветлы розум твой, брат, але дзетак
Ад цябе, як і ўсё, адбіралі
І на бацькаўскі родны палетак
Працаваць — памагаць ня пушчалі.

Хто хацеў, той і сьмеў рабаваці,
Бяз прыпросу зьяжджаліся госьці —
Абдзіраць, аб’ядаць, апіваці
І крышыць гаспадарскія косьці.

Можа-б ты і памёр і загінуў,
Каб ня вешчая мова Баяна.
Хто-ж быў добры — яе хоць пакінуў?
Як-жа так, што яшчэ не забрана?

  1. Не выракайся.