Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск IV.pdf/17

Гэта старонка не была вычытаная

У хаце, ведама, гоман узьняўся, бо ўсе думалі, што ноччу злодзей улез у істопку. Ажно тут будзіцца новапрынятая кутніца і кажа:

— Супакойся, гаспадару, гэта я ўночы вячэрала. — Паварушалася да сьцяны і захрапла.

Усе толькі пераглянуліся між сабою, паківалі моўчкі галовамі і чакалі, што далей будзе,

Хлеб тады танны быў, то што Прахору? абы толькі грошы! І баба не шкадавала грошы. Прахор тое толькі і рабіў, што скупляў па ўсей ваколіцы збожжа, мяса, масла і ўсякія іншыя харчы ды карміў сваю кутніцу. Гэтак, дачакаўшы Каляд, Прахор выкупіў ужо ўсе харчы ў сваей ваколіцы і каля запуст павінен быў езьдзіць з фурманкай па харчы ажно пад Задарожжа, Друю і пад Глыбокае.

А зіма настала сярдзітая: з дня ў дзень траскучыя марозы. Найстарэйшыя людзі не памяталі гэткай зімы сьцюдзёнай. На Вялікдзень і то яшчэ зіма ня ўнімалася: сьнягі напалог ляжалі гурбамі і рэкі стаялі. На Праводную людзі на могілкі хадзілі памінаць Дзядоў па сьнягу і ў кажухох.

І хоць у Прахора грошы было на закуп харчоў, сколькі трэба, але купіць штораз цяжэй было. Страх яго агарнуў, што гэта за пражорлівая баба зьявілася ў яго.

Гэтак думаючы, едзе ён Гарманаўскім трактам на Пагост, і якраз у Падорскай пушчы коні спыніліся і ня йдуць далей.

Ён іх лейцамі і пугай, а тыя ані з месца! Вылез Прахор з розвальняў і падыйшоў дарогай паглядзець, ці — барані Божа, — ня воўча руя[1] заступіла яму дарогу. Толькі ён гэта адыйшоўся з двое гоняў, ажно бачыць: выяжджае з лесу нейкі малады челавек на белым кані. І чалавек і конь у залатой зброі, аж мігцяць у вачох. Прахор гэтак спужаўся, што ня мог крануцца з месца, а незнаёмы рыцар[2] пад’ехаў да яго і кажа:

— Ня бойся мяне, Прахор, я — Грамавік, прыяцель і апякун людзей і вораг іхніх ворагаў. Баба, што ў цябе жыве, няпростая. Гэта Баба-Юга, яна па начах у зялезнай ступе езьдзіць і холад на зямлю наганяе, а памялом з хмар сьнягі страсае. Ты павінен памагчы мне забіць яе, бо іначай саўсім лета на сьвеце ня будзе, і народ увесь вымра з голаду і холаду. Але пакуль яна ў людзкой хаце, або ў ступе сваей разьяжджае, я не магу забіць яе. Ты павінен прымусіць яе выйсьці днём белым на бязьлюдную ваду.

Прахор абяцаўся ўсё зрабіць, каб памагчы зьвясьці яе са сьвету. Завярнуў свае коні і, прыехаўшы дамоў, кажа бабе:

— „Худа, бабка, нідзе ўжо ніякіх харчоў няма. Усю аколіцу ператрос і ня купіў нічога. Спробую я сазваць людзей і закінуць тонь у возеры, мо’ хоць рыбы дабудзем“.

Насклікаў Прахор людзей са сваей і суседніх вёсак і цэлы дзень рубалі прорубкі, пакуль не асеў лёд. Закінулі невад пад лёд, і Прахор пайшоў да бабы.

— Бабка, — кажа, — мы закінулі невад, але ня здужаем выцягнуць яго, відаць, рыбы набралася поўна, ці не паможаш нам?

— А ці ня мокра там? — пытаецца баба.

— Э, дзе там, суха! Мальцы[3] крыху каля палонак наплюхалі, а так суха…

  1. Ганьня, зборка.
  2. Даўней у Зах. Эўропе шляхацкі коньнік.
  3. Хлопцы.