Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск IV.pdf/20

Гэта старонка не была вычытаная

— Пакорна кланяюся Вяльможнаму Пану Богу і выбачайце, што я спытаю: ці няма тут на небе каго-небудзь з нашых, барысаўскіх, толькі, каб з маладых?

— А нашто табе?

— Пад танцы іграць лаўчэй.

Усьмяхнуўся Бог і даў знак анёлам. Паляцела двое, але скора вярнуліся, кажуць:

— Знайшлі двох барысаўцаў, толькі дужа старых.

— Старыя няздатны, — сказаў Дудар, — не патрапяць станцаваць. Выбачайце, што спытаю: куды-ж падзеліся маладыя? І маладыя-ж іншы раз паміраюць.

А сьвяты Юр’я на гэта кажа:

— Маладых трэба ў чыстцы шукаць.

— А і гэта праўда, — сказаў Дудар, — ня йначай, як у чыстцы. Пэўна, што ў чыстцы. На маей памяці сколькі таго народу перамёрла: Мікіта Гарбуз — той, што ад гарэлкі задохся, Сьцяпан Крук з Докшыц, катораму ў карчме лоб пашчапалі Арцём Лыка з-пад Зембіна і Антось Прычэпка з-пад Дзядзілавіч, — добрыя танцоры былі: прыбілі іх на ігрышчах.

Дудар доўга-б яшчэ вылічаў памёршых маладымі барысаўцаў, але Бог кіўнуў рукой:

— Іграй!

— Якую?

— Якая лепшая. Вясёлую!

— Вясёлую, дык вясёлую…

Настроіў Дудар пішчыкі, надуў мех, заграў.

Добра ці дрэнна іграў ён, не памятаў гэтага, гэтак захваціла ў яго дух ад радасьці, што годзен стаўся іграць перад Самым Богам.

Толькі, калі кончыў, бачыць — Бог ківаець галавой: здаволен. А анёлы і сьвятыя, дык тыя не нахваляцца.

— Ах, як добра! Во, дык добра!

І калі Бог пайшоў у свае пакоі, яны пачалі прасіць Дудара, каб яшчэ пайграў Пасьля папяяў. А музыка і рад гэтаму: іграе ды пяе так, што па ўсім небе гул раздаецца. Слухалі, слухалі справядліўцы, а пасьля і самі пачалі падпяваць; сьпярша ў паўголаса, а пасьля і ад Дудара не адстаюць:

Ох, ты дудка мая,
Ух-я!
Весялі ты мяне,
Ух-я!
На чужой старане,
Ух-я!

Пяюць усім небам, падбіваючы ў далонькі.

Праходзіў міма сьвяты Язэп. Глядзіць, што за дзіва?! Заместа арханёла Гаўрылы, каторы навучаў справядлівыя душы нябесных сьпеваў, сядзіць на ўслоне Дудар з дудой, а каля яго душы — мужчынскія і жаноцкія — хорам адхватваюць сьвецкія песьні.

— Матухна Ты Сьвятая! — крыкнуў сьвяты Язэп, схапіўшыся за галаву, і пабег да сьвятога Пётры.

А туды якраз прыходзіць і сам Арханёл Гаўрыла, гэтак сама жаліцца.