Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск IV.pdf/23

Узнікла праблема ў вычытцы гэтай старонкі

… Размова размоваю, а кожын мае на думцы, што добраму чалавеку не павінна зашкодзіць, калі дзеля сьвята вып’е чарку гарэлкі. Іншы раз больш і не хацеў-бы, гэтым-бы, здаецца, і здаволіўся, дык як-жа ты зробіш? Калі — кум стрэўся, з шваграм даўно ня бачыўся, сват надыйдзе, брацейнік з заработкаў вярнуўся, і — пачнеш і пачнеш. З тым, з другім, атым часам к змроку начастуешся, ледзьве ногаеш[1]. Яшчэ, як скародзіш ботамі вуліцу, як дражніш сабакаў спрэчкамі з вугламі, дык нібы крыху памятаеш. Але якім шыхам выбраўся з карчмы, як трапіў да хаты — бог яго ведае! Не памятаеш, хто распранаў, хто разуваў, неўпамкі, як і спаць улёгся…

А той ці іншы выпадак здарыцца з кожным можа, — так не абмінеш, каб не нашлёгацца пад вечар. Тагды ў карчме ўшчухаюцца спрэчкі, звадкі, песьні, — такі гоман, што крый божа! Гармідасія[2] пойдзе, бадай ці ня гэтак, а можа й горш, як даўней у Клецку на кірмашы.

— Я яму, як добраму, а ён, трасца яго матары, і нос закапыліў!..

— Вып’ема, кумок! Бог сьвяты ведае, ці будзем жывы заўтра. Пій да свата! Сватка!

— Годзі табе, Габрусь! Вот згінёньнік!

— Як-то згода?! Ён мяне зьневажае, а я буду дароваваць? Не дажджэ ён…

— „Я-й п’я-ніцаю ра-дзіў-ся, я-й бу-ду ў карчме і ўміраць“, — не пяе, а як ня плача нехта, уткнуўшыся носам у стол.

На вуліцы курта брэша,
А да мяне Янка чэша,
Ці ты Янка, ці ты не,
Спа-дабаўся ты мне, —

перацінае п’яны Ратуй, дрыгаючы кульбамі заміж: музыкі.

— Моўша! Моўша, каб ты апруцянеў, дзе цябе чэрці дзержаць? Моўша!..

Моўша гасае[3] па карчме, як на пажэжы. Пот з яго рагамі[4] льлецца, ярмолка зьбілася назад і чуць ліпіць на патыліцы. Няма ўвіхнейшага шынкара за Моўшу, а і ён не ўпраўляецца ўсім настрэнчыць[5], за ўсім даглядзець, ды дай ты сьвет! Той крычыць, той гірчыць, той лае, а той, няхай яму ліха, мяркуе каўхануць зьнячэўку. Нарэшце — не разарвацца-ж яму? — ён кідае слухаць, а толькі, як які вар’ят, бліскае вачыма ды асякаецца ва ўсе бакі:

— Пачакай!.. Ня ўсе-ж разам, ягамосьці… Трымайся чаргі, калі ласка!

Турбацыя Моўшы дадае шмат клопату і папугаю. Спагадаючы гаспадару, ён мятушыцца па клетцы, як няпрытомны, злуе, верадуе. Згледзеўшы, што колькі дзядзькоў зьляпілася цалавацца, вытарачыцца на іх ды галасуе:

— Ня ўсе-ж разам, ягамосьці! Трымайся чаргі, калі ласка!

Але гэта-б яшчэ асьвяціся! Трэ’ жыць, трэ й патурбавацца. Захочаш есьці, дык зьнясеш паняверку, ператрываеш і зьнявагу. „Дарма, кажуць, і каза воўку ня скача“, — разумна разважае Моўша. Толькі

  1. Ідзеш.
  2. Гармідар, гоман.
  3. Гойсае, бегае.
  4. Ням. — ручаямі (Regen — дождж).
  5. Даставіць.