Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск IV.pdf/24

Узнікла праблема ў вычытцы гэтай старонкі

ня бачыў ён карысьці, ня было яму жаднага рахунку вось з тае завірухі, якую завіналі хлопцы з дзяўчатамі, справіўшы падпоўнач ігрышча. Не, не, не кажэце, з гэтым Моўша дагэтуль ня хоча згадзіцца! Круцяць, вернуць голавы, а чаго, каб хто спытаўся? Так, абы бэсьціцца. Няма каму біць…

І, пачуўшы вясёлы малады рогат, ён толькі скрывіцца, як кіслага яблыка зьеўшы. „Пашла верабінавая ноч“, — махае Моўша рукою: „цяпер за якую двузлотку будуць таўчыся да трэйціх пеўняў! Каб дарма не турбавацца, дык ён на гэты час кудысь зусім зьнікае. Бо — няхай яго пярун спаліць, — як не ўдыгай[1], а распустам гэтым, лабатросам не ўнаровіш, а як ня трапіш пад густ, дык і па патыліцы атрымаеш[2]. Былі здарэньні, ён не забыўся, памятае! Дый досыць з яго! Набегаўся, навярэдзіўся. Гэта ня жарты! — цалюткі дзень, як на спружынах. ані зьесьці, ані прысесьці!

Цяпер і цукеркі і іншыя дзявочыя ласункі прадае сама Мырка, а застаецца даглядаць за ўсім адзін папугай. Лепшага вартаўнічага пашукаць трэба: вока ня спусьціць з таго, што творыцца ў карчме. Не пяршынка яму бачыць. Ігрышчы спраўляюцца амаль ня кожна сьвята, узіму напрыклад, але-ж заўсёды яму цікава, усё роўна як і тым дзецям, што на гэты час паўпіраюцца насамі ў шыбы, пішчаць і мітусяцца на прызьбе. Ды й не адны дзеці на ігрышча ідуць паглядзець, ідуць і маладзіцы і нават старыя кабеціны. Толькі яны заходзяць у самую карчму, прыпыніўшыся дзе-небудзь у куточку, на відавоку, яны падпіраюць бароды рукамі, шэпчуцца, ківаюць галовамі ды стрыгуць вачыма. Не адна ўспомніць маладыя леты і ня раз уздыхае цяжка, глянуўшы на сябе і навокала…

Вось тромкнула іскрыпка, разоў колькі прайшоўся па струнах цымбалісты. Ёкнула сэрца ў моладзі. Як маланкаю, асьвяціўся твар у саромлівых дзяўчат. Цясьней сьціснуліся ў кучку яны, часьцей забілася сэрца іх. Бледнасьць ірвецца прэч і раскладваюцца вусны ў шчасьлівую усьмешку.

— Дзядзька, лявоніху! — гукнуў нехта з хлопцаў і — „грай музыка, калі граеш, калі добру жонку маеш!“ Не грукацяць гэтак вогіры[3] на стайні, як затупацелі хлопцы абцасамі. Падхапіўцшы спаднічкі, распусьціўшы хвартушкі ў пальцах, заружаваўшыся, маўляў, пурышкі на ясным сонцы, — дробна, як бобам, сыплюць дзяўчаты. Далікатна, лёгка, як птушкі, ўюцца яны каля хлапцоў, ня крануўшы, здаецца, чаравікам падлогі. Разьюшаныя павабным мірганьнем дакляруючым палкім вокам дзяўчыны, ажно жахаюцца хлопцы. Той прысьвісьне, той зашлепча, там цокаюць, тут гокаюць, а Сёмка — даруй божа цяжкі грэх — узмасьціўся на стол, нахіліў да пляча бубен (трымаць, як трэба, замінала люлька) наўвоч б’е па ім цырубалкам[4] ды падцінае:

Ляво-ні-ха дабра-дзей-ка была,
За два гро-шы сара-коў-ку дала.
Ой, Ля-во-ніха, бадай це ня відаць
Не хадзі ма-ей капу-сты ла-маць.

Нехта шапярнуў[5] штось на вуха цымбалісту, а той, паслухаўшы, адхіліўшы ў бок галаву, нібы-то зьнянацку сьцігануў на „мяцеліцу“ ды —

  1. Нараві.
  2. трымаць і дзяржаць — ужываюцца поруч. Добра было-б прыняць якоесь адно. Лепей было-б — апошняе, ад караня якога можна ўтварыць болей тэрмінаў, напр., дзяржава. Дзяржаць — ужываецца значнаю большасьцю славянскіх народаў.
  3. Маладыя жарабцы.
  4. Булаўкай да бубна.
  5. Шапнуў.