Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск IV.pdf/25

Узнікла праблема ў вычытцы гэтай старонкі

як урэзаў, як уцяў, — дык раптам усё спынілася і замоўкла. Аж увушшу зазьвінела, аж папугай прытаіўся ў клетцы, перапалоханы апанаваўшаю цішаю. Усе стаяць, чакаюць, маўчаць… Ніхто ня адважыцца пачаць першы. А цымбалы зьвіняць гавораць, задораць…

Ба-дай таго ка-ва-ля
Мя-це-лі-ца замяла, —

аднекуль з закутку перарэзаў цішу моцны голас Ратуя.

Што ён мя-не ма-ла-ду
Ды зма-ро-зіў на ля-ду, —

падхапілі хлопцы з дзяўчатамі, цымбалам падсекла іскрыпка, загрымеў бубен і — ў момант усё віхрам завалтузілася[1]. Зьвіняць бутэлькі ў шафе, вокны бразгацяць, пыл курыцца, — карчма ходырам пайшла! Усё збэрсалася, зблуталася ў клубок мятусіны. Ні чуваць, ні відаць нічога, і лямпа мігціцца, як воўчае вока ўночы…

— Ці не звар’яцелі яны?! — думае папугай і ўва ўсё горла лямантуе:

— Ня ўсе-ж разам, ягамосці! Трымайся чаргі, калі ласка!

(Ня кепска жылося папугаю. Падабалася яму карчомнае жыцьцё. Ён увайшоў у сваю каляіну і думаў, што іншага жыцьця і нідзе няма.

Але сталася прыгода. Аднойчы раніцай, калі нікога ня было ў карчме, а дзьверы былі адчынены, папугай ня выцерпеў, каб не пацікавіцца, што робіцца за карчмой. Яго ап’яніла паветра і жыцьцё яго братоў на волі. Сам ня помнячы, як ён памаленьку апынуўся аж у лесе, пасярод птушынага царства. Ён з цікавасьцю пазіраў на незнаёмыя дзівы і на жыцьцё птушак. Але тыя зусім інакш аднясьліся да нязнанага госьця, Яны проста пачалі яго кляваць з усіх бакоў, што аж пер’я ляталі.

Чым-бы кончылася гэта — невядома, каб не зьявіўся Моўша і не асвабадзіў свайго каханца. Той зусім змогся, аслабеў, не асякаўся, а толькі, плачучы, крычаў:

— Ня ўсе-ж разам, ягамосьці. Дзяржыся чаргі, калі ласка!).


Апавяданьне бяз назвы.

Служыў у князя лясьніком селянін Гаронім, Ён па характару свайму быў нешта нявыразнае. Жыў сваім нутраным спакойным жыцьцём, лічыў сябе горшым за акружаючых людзей, — толькі з нейкаю тугою па лепшым. Найболей маўчаў.

Ужо з нараджэньня ён быў заціснуты жыцьцём. І імя запраўды яго было іншае, але пераменена на Гаронім, дзякуючы нязвычайнасьці і нягустоўнасьці для бацькоў імя, данага папом.

Жыў Гаронім потым, як і ўсе малыя, а потым сталыя людзі ў вёсцы. Ня бачыў сонца, людзей. Езьдзіў плытнікам, гаспадараваў дома.

  1. Замітусілася, замяшалася