Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск IV.pdf/26

Узнікла праблема ў вычытцы гэтай старонкі

У Прусах ён купіў сабе люльку, якую аднойчы ўбачыў князь. Той чамусьці ўпадабаў і люльку, і Гароніма і зрабіў яго лясьніком.

Нібы новае жыцьцё пашло для Гароніма, аднак такое-ж хмурае „бяз назвы“, як і папярэдняе, як і сам Гаронім.

ГАРОНІМ У ДАРОЗЕ.

Перабіраючы ў думках сваё лясьнікоўства, Гаронім ня бачыў сьветлай часіны.

Праўда, быў хлеб, быў прыпынак, ды ня былое жыцьця. І калом стаў у горле гэты хлеб лясьнікоўства. Ня меў Гаронім вольнай часіны ні ўдзень, ні ўночы, ні ў сьвятую нядзельку. Цалюткія дні трэба бегаць, гасаць, удыгаць, і толькі й чуеш, як цябе лаюць, грызуць, ушчуваюць. Часам так дапячэ ўсё і дадзене, што, здаецца, на край сьвету пайшоў-бы, абы ня чуць і ня ведаць нічога. Але, што-ж ты паробіш? Трэба карыцца, цярпець…

Колькі раз Гаронім цешыў сябе думкай, што стрэнецца з князем, або падсочыць, як той выйдзе з пакояў, — падыдзе, раскажа яму пра сваё жыцьцё, паскардзіцца ды папросіць палёгкі. Але князя ня стрэў і, як потым дазнаўся, дык той бадай што ніколі й ня жыў у замку.

Бачыў ён раз, як нейкі пан выбег з пакояў і, думачы, што гэта, князь, памкнуўся быў да яго, каб вылажыць сваю справу, як пан спыніўся сам і запытаў:

— А ты чаго тут, чалавеча?

Гаронім скінуў шапку, а пан — мармынуў нешта ды зноў памчаўся ў пакоі. „Лёкай, мусіць“, — падумаў Гаронім. Так і прапала надзея выпрасіць палёгкі ў князя, а тут яшчэ чорт надаў пабіцца з аб’езчыкам…

Ёсьць людзі, з каторымі іншае рады няма, як зьвязаць ды кінуць пад печ. Вось гэтакі быў аб’езчык. Прычэпіцца гад, дык хоць ты крыжам ляж, а ня зьлітуецца. Аж зьбялее ад злосьці і, здаецца, з скуры выскачыць.

Прывязаўся раз к Гароніму і — рады нямашака. Крычыць, лае, бэсьціць, тупаціць нагамі ды аж з кулакамі лезе. Гаронім маўчаў — маўчаў, а далей ня вытрываў:

— Адчапіся ты, вар’ят! — буркнуў ён з агідаю. Той падскочыў, замахнуўся ды — плясь яго па шчацэ. Аж пацямнела ўваччу ў Гароніма ад зьнявагі. Не памятаючы сябе, ён рынуўся на аб’езчыка, схапіў яго за грудзі ды так бразнуў воб землю, што той аж екнуў ад болю. А далей усеў яму на грудзі ды запытаў:

— Ну, што мне з табою рабіць?!

А той зварухнуўся, зароў, як мядзьведзь, ды кажа:

— А вось пачакай: я павярнуся…

Гаронім раптам абмяк і асунуўся. Сэрца, як малатком, стукала ў грудзях.

— Ну, вот, і па ўсём, — думаў Гаронім: — вот і шабаш,[1] канец! Прагоняць! Ой, у лесе пры даліне у нас сталася бяда… Прагоняць…

  1. Жыд. — канец; ад суботы, шабасу.