Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск IV.pdf/27

Узнікла праблема ў вычытцы гэтай старонкі

Але яго прагнаць не прагналі. Толькі ў надзелю на „сэсіі“ лясьнічы вылаяў з апошніх слоў і, патросшы кулаком каля носа, пагразіў:

— Ну, памятай-жа ты… пруская люлька!

Цяпер здаецца Гароніму, што пра гэту бойку дазналіся ўсе чыста на сьвеце. І — як раней жадалася ўгледзіцца з князем, — так цяпер зірнуць яму было-бы брыдка ў вочы. І такім слаўным і мілым рысуецца ў думках далёкі час плытніцтва, што, божа мой мілы…

Бывала, плывеш сабе з плытамі і гадкі ня маеш. Сонейка грэе, птушкі сьпяваюць, рыбка плюскоча, а ты — стаіш, падзіраеш ды толькі пілнуеш, каб не заехаць „казла“, каб ня стукнуцца плытам у бераг. А плыт сабе ідзе, няпрыкметна, ціха шамоча і скрыпіць на заваротках, як той дзед на печы, выпраўляючы старыя косьці.

Не агледзішся, як вечар настане. Сонца схаваецца, а чырвоныя пасмы яго яшчэ блішчаць і мігцяцца за лесам, як полымя пажару. Грукае драч недзе на лузе: „драч, драч, сеў спаць пад пнём, з агарач спух“. Брукуе голуб гдзесьці ў лесе, кукуе зязюлька. Часам слухаеш, слухаеш ды запытаеш, як калісь у дзяцінстве: „Закукуй, зялюлька, закукуй сівая, закукуй баравая, колькі мне года жыць!“ А птушкі ўжо змоўклі. За дзень насьпяваліся, а ноч — невялічкая. Трэ’ спачыць, каб заўтра ранютка ўстаць, каб прывітаць упору яснае сонца ды несьці да бога хвалу і падзяку.

Ціхата[1]. Толькі дзесь чуюцца сумныя сьпевы далёкае песьні. Гэта дзяўчаты, ідучы з работы, пяюць „салавейку“,

Салавейка лугавы,
Ня пей рана, да зары
..........
Ой выйду-ж я на сяло,
Нідзе агню ня відно.
Аж у нас агонь гарыць,
Маці з сынам гаворыць.

Слухаеш, і робіцца сумна і добра: Сэрца дрыжыць і трапечацца, як у ясны, пагодны дзянёк матылёк над вадою. Салодкі жаль агартае пачуцьці, і хочацца плакаць і ціха сьмяяцца, як бывала ў дзяцінстве. Бывала, прытулішся моцна[2] да маткі, абнімеш яе за шыю, падкурчышся ды плачаш. Маці глядзіць табе ў вочы, гладзіць дрыжучай рукою тваю галоўку ды з трывогай пытае: „Дык чаго-ж тs, каток? Аж самую нейкі жаль прабірае!“ А ты плачаш — радзееш, трэш кулачком свае вочкі і растлумачыць ня можаш, што — сэрцайка б’ецца, бо добра жывецца; што люба сядзець у маткі на прыполе ды слухаць, прытуліўшыся, як весела хлопцы гуляюць, як куры сакочуць і ластаўкі ў сенях шчабечуць на гнёздах…

Гаронім трасе галавою, праводзіць па твары рукою і мацней паганяе каня. Ён варушыцца, апраўляе сядзэньне, каб разагнаць нахлынуўшыя ўспаміны, але разварушаны розум, як чароўны ліхтар, разгартае ўсё новыя і новыя стужкі ўяўленьняў, і абразы прамінулага ажываюць, устаюць і стаяць уваччу, як жывыя. Думкі і смутак ко-

  1. Цішыня.
  2. моц, мацней і г. д. — з фанэтычнага боку не беларускае, заходняславянскае. Утварылася з праславянскага — могт+ј. Праславянскія злучэньні — т+ј, гт+ј, кт+ј — у беларускай мове далі — ч. У слове з даным каранём маем — немач. Іншыя словы — ноч (*нокт+ј), печ (*пект+ј), сьвечка (*свѣт+ј+ка) і г. д. Слова — моц — не знаходзіць сталага сыноніму ў беларускай мове. У паасобных выпадках з ім сходзіцца — сіла, дуж(ы), магутнасьць, крэпкасьць (у Насовіча) і інш.