Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск IV.pdf/29

Гэта старонка не была вычытаная

Галубок, праўдзіва Голуб, па паходжаньню пралетар, але, праняўшыся кірункам „Нашае Нівы“, стаўся сялянскім пісьменьнікам. Ён стараецца вывесьці ў сваіх творах імкненьне сялян да лепшае будучыні, паказвае на ўсе перашкоды, няшчасьці на шляху да гэтае будучыні, апісвае проста, амаль бяз тэндэнцыі. Часамі паказвае жыцьцё вясковае апушчанае інтэлігэнцыі, але з пункту гледжаньня селяніна. Поруч ідуць у яго і адраджэнскія мотывы.

Пісаў вершам і прозай. У вапошнія часы шмат чаго перарабіў для пастаноўкі на сцэне. Наагул у апошнія часы Галубок аддаўся зусім тэатру, напісаўшы для яго шмат твораў.

Нарадзіўся 3-га траўня 1882 г. у Менску ў сям’і сьлёсара. Вучыўся ў пачаткавай і вышэйшай пачаткавай школах у Менску. Апошняе ня змог скончыць з прычыны тога, што мусіў працаваць. 1897 г. паступіў на чыгунку, дзе служыў да апошняга часу. Цяпер арганізаваў сваю драматычную трупу і езьдзіць з ёй па вёсках, а таксама робіць прадстаўленьні і ў Менску.

З выданных асобнымі кніжкамі тут вядома толькі „Апошняе спатканьне“, драма ў 4-х актах.


Будучыня

Кіпіць работа, плыве пот,
І крык і гул, як гром;
Туды-сюды снуе народ:
Будуюць новы дом.
Лапаты рэжуць глыб[1] зямлі,
Зьвініць сталёвы лом:
На месцы даўнай старыны
Будуюць новы дом.
Штодзень угорку сьцены йдуць
Ушыр і ўдоўж кругом,
Баліць мазоль і рвецца грудзь,
А ўсё-ж будуюць дом!
Настане дзень, надыйдзе час,
Мы крэпку столь зьвядзём,
І лепшай прышласьцю[2] для нас
Быць мусе новы дом!
Працуйма-ж, брацьця! Хай хутчэй
Наш льлецца пот цурком:
Прыжджом і мы сьвятлейшых дней,[3]
Як скончым строіць[4] дом!


  1. Лепей — глыбіню
  2. Полён. — будучыняй.
  3. Прав. — дзён, днёў.
  4. Русіц. — будаваць.