Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск IV.pdf/34

Гэта старонка не была вычытаная

Ей хацелася пагаманіць, даняць, высказаць, што мужыкі і так здураны, а тут Халімон слова рэкнуў,[1] паказаў сьпіну, і ўсе за ім.

Застаўся толькі Пранусь.

Сьцямнела. Кругом было ціха, ціха, толькі праз адчыненае вакно данасіўся хрыпаты голас дзеркача.

— „А, і ты тут?“ з радасьцю адазваўся Пранусь, гледзячы ў цёмны абшар. „Можа ты з Красналук завітаў сюды, з матчыным жаданьнем, а можа твой брат дзяркачыў у нас у хмызьнячку?

Ну, яшчэ раз дзергані, яшчэ, яшчэ!“

І яму ўспомнілася родная вёска, маці, дзеці і, хоць беднае, але спакойнае жыцьцё.

— „Скора Пятрок, пасьля Каляды, годзік адматаюся, а там мае грошыкі сюды, куплю коніка, пайду зарабляць, а мо” пашчасьлівіцца“.

І, мысьліўшы пра новае жыцьцё, яму стала дужа радасна, як ён, узяўшы ў пана грошыкі, пойдзе к матцы і скажа: „вось, мамачка, я прышоў, я грошы зарабіў, вось яны, а ці ведаеш, што купіць намысьліў? коніка, мамачка, коніка, буланчыка. Эх, запрагу, ды ў лес, дроў набяру, вывезу, мамка, аднаго рубельчыка перахаплю, другога і гэтак будзем змагацца з бядой. Служыць ня буду, ня буду!“

І так у гэткіх салодкіх думках заснуў, палажыўшы галаву на падваконьніку.

— „Чаму-ж ты тут спіш?“ спыталася, увайшоўшы, ахмістрыня[2] „Мусіць то нудзішся, дамоў зажадаў?!“

Пранусь адскочыў ад вакна, зьняў з калка армячок і хацеў прылегчы ў кутку.

— „А не, а не! не пара, жывёлу выганяй, у полі высьпішся ўсё роўна ўдваіх гультаіце“.

Пранусь зьняў пугу, торбу і вышаў на двор. На двары напаткаўся барадач з заспанымі вачыма.

— „А! І ты тут! вось маладец, ну, адчыняй вароты, едзе чорт з балота“.

Вароты са скрыпам адчыніліся, і скаціна пабегла ў поле, а барадач, ідучы ззаду, зацягаваў нейкую песьню, закаціўшы вочы к небу.

Пранусь бег упры-кочку, пазіраючы ў той бок, дзе былі Красналукі.

Эх, баржджэй-бы мухі белыя, тады і я ня парабак, конь буланы, сам гаспадар, толькі абы бог дапамог, — і, быццам-то трымаючы ў руцэ лейцы, пугаўём сьцёбаў сябе на армячку і крычаў: „но, но, но!“

Барадач здалёку пазіраў на хлапца і ў душы сьмяяўся з яго дзяцінай забавы, а таго ня ведаў, што тут была зусім сталая думка.

— „Туды, сынку, туды!“ камандаваў дзед, прыплюшчыўшы вока, гані, гані Красулю, у шкоду пойдзе. Вось так! вось так! ну, а цяпер хадзі-тка сюды, у мяне і сальца скібінка ёсь“.

Пранусь угрыньнём[3] падбег к дзеду, весела пазіраючы яму ў вочы. „Як табе лепей падабаецца, ці са скурай, ці не?„

— „У, мне ўсё роўна, як дасьцё, так і добра“. Дзед, адшматаўшы[4] кавалак сала, падаў Пранусю, а сам сквапна[5] ўглядаўся, як спраўлялася галоднае дзіцянё.

— „Не сьпяшайся, сынку, не сьпяшайся! у карк ніхто ня валіць.

  1. Сказаў, урэзаў.
  2. Гаспадыня ў панскім палацы.
  3. Вугром, вельмі хутка.
  4. Адрэзаўшы.
  5. Полён. — ахвоча