Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск IV.pdf/43

Гэта старонка не была вычытаная

Лепшыя творы іншых пісьменьнікаў.


Арол.

Сяўцом.

Дзе вы, ўсе здольныя, ліцамі[1] ўдалыя,
З добрымі думкамі, к працы рахманыя?
Выйдзьце упярод!

Поўнаю жменяй зерняты здаровыя
Сейце на нівы багатыя, новыя —
Будзе усход!

Доўга былі яны ўсімі забытыя,
Дзікай травой, чамярыцай пакрытыя,
Ждалі на вас.

Цёмныя хмары над імі насіліся,
Дарма паілі вадой й пранасіліся,
Аж прыйшоў час:

Будзе даволі ты ўжо наляжалася,
Сілы набрала і ўзмацавалася, —
Дай-жа нам плод!

Выйдзьце, ўсе здольныя, думкамі ўдалыя
Выйдзьце, ўсе шчырыя, к працы рахманыя,
Станьце ўпярод!


Арфа[2].

Калі к Саулу прыступаў
Дух цёмнай нуднасьці і злобы
І горш ад цяжкае хваробы
Яму спакою не даваў,

Тады Давіда зваў[3] Саул,
І з арфаю Давід яўляўся.
І ад Саула адступаўся
Злы дух пад дзіўны арфы гул.[4]

І цар спакойна засыпаў.
Нуда, трывогі адступалі,
І цёмны думкі не чапалі,
Пакуль Давід на арфе граў.

Як арфа, — ты маёй душой
Ўладаеш[5], у родны край надзея!
Пакуль твой луч[6] у сэрцы тлее,
Я знаю радасьць і спакой.


  1. Русіц. — тварамі.
  2. Музыкальны струмант.
  3. Лепей — клікаў.
  4. Няправільны зварот — пад дзіўны гул арфы.
  5. Чэхізм — валодаеш.
  6. Русіц. — прамень, коска.