Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск IV.pdf/47

Гэта старонка не была вычытаная

Піліпаў-Нялепка.

Окліч.

На скрыпулю! вось цымбалы!
Ты дуду сваю надзьмі;
Разам гучна ў склад удалы
Так, каб людзі не здрамалі,
Песьню лепшую пачні.

Стройна, складна песьню тую
Ў пералівы пераві.
Тую самую старую,
Што сьпявалі[1] ў ноч глухую,
З гора ў радасьць пералі.

Вы—жа, хлопцы і дзяўчаты,
Словы знаеце свае?! —
Ў голас разам, — як пачата,
Каб зрадзела наша хата,
Каб пачулі ўсе яе!..

Так зайграем, засьпяваем,
Гучна, разам, тон у тон,
Каб за рэчкай, за Дунаем
І у гaі, і за гаем
Разыйшоўся гул-разгон!..

Каб салоўкі і зязюлі,
І крыніцы і бары
Зразумелі і адчулі,
Што ўсё гэта яны чулі,
Як наш прадзед пеў стары.

Ну, дык разам, ўсё гатова!
Стройна, складна, тон у тон
З пераліваў, слова ў слова,
Так ад сэрца аж да бога!..
… Размахніся-ж, веча звон!!!


Стары Ўлас.

Рабочы час.

Доўга у хаце нашыя брацьці,
Рукі злажыўшы, сядзелі,
Бо, як на згубу, дождж ліў, як з лубу,
Ліў праз чатыры нядзелі.

Сонца зірнула, ўсю павярнула
Працу к вялікай ахвоце:
Луг у пракосы кідаюць косы,
Граблі і вілы ў рабоце!

Жнейкі на жніве рэжуць сквапліве[2],
Ўюць перавёслы няслабкі,
Вяжуць снапамі, валяць радамі,
Ставяць у мэтлі[3] і бабкі[4]

Йшлі дажджы, слоты, буры, грымоты, —
Мы са сьлязамі ўздыхалі;
Вось і нічога; зьбегла трывога,
Новага хлеба прыждалі.


  1. a) Ужываецца болей — пяялі.
  2. Полěн. — рупліва.
  3. Копы па 15 снапоў.
  4. Копы па 10 снапоў.