Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск IV.pdf/66

Гэта старонка не была вычытаная

Цэлы дзень я за брудным сталом,
Цэлы дзень скуру цьвёрдую скроб;
Стаючы укапаным калом,
Я задушшай атрутнаю соп.

Не глядзеў і ня бачыў нічуць,
Што там ёсьць на дварэ, за вакном:
Ці там ветры халодныя дзьмуць,
Ці зямелька спавіта цяплом.

Навакола чатыры сьцяны,
А на іх заплясьнеўшая столь,
У сабе захавалі яны
Усю крыўду, жаданьне і боль.

Вось і вечар… хаця я на міг —
На адзін — сабе шчасьце найду,
Кіну — рыну усё і усіх
Ды у поле я к лесу пайду.

Ды як стану я там сродзь[1] лагоў,
Ды адкрыю збалеўшую грудзь,
Будуць з пахам прынадным квятоў[2]
Ветры цёплыя ўцехаю дзьмуць.

І прасмагшую душу маю
Ўпояць воляй шырокіх палёў,
Упрыгожаць пакутную ўсю
Цеплатою пахучай сваёй.

А як сілы — жывіцелькі той
Набяруся даволі ў палёх,
Мне лягчэй стане ў працы цяжкой
У майстэрні, ў сьцянах чатырох.

III.

Не здавайся, гарбар,
Ты за працай сваей
І на шчасьця прыход
Не заплюшчвай вачэй!

Песьню вольную пей
У дыму, ў духаце,
І надзея твая
Няхай кветкай[3] цьвіце.

Бо дзе сіла жыве,
Дзе работа кіпіць,
Там насеньня зярне[4]
Лепшай долі ляжыць.

І ты мукай сваёй
Глебу ладзіш яму
І сам сееш яго
Ў заарану зямлю…

Не здавайся, гарбар,
Ты за працай сваей:
Глебу пільна гатуй
І ў ёй шчасьце, брат, сей!

  1. Полён. — пасярод.
  2. Таксама — красак.
  3. Полён — краскай.
  4. Правільна — зярня, зярнё, зерне (зборнае).