Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск IV.pdf/77

Гэта старонка не была вычытаная

Я жыву

Я жыву таму, што маю
Веру моцную у тое,
Што загіне доля злая,
Чорнай сілаю якая[1]
Землю вокал аблягае,
Бы жалезнаю рукою.

Я жыву таму, што сэрца
Спадзеў[2] ясных ня губляе,
Як улетку лісьцяў дрэўцы,
І ў надзеях, бы праз дзьверцы,
Наглядае спацыр сьмерці,
Што нядолю скрозь зьнішчае.

Я жыву таму, што чую
Душой чулаю адроду[3]
Тую пору, хвілю тую
Боганосную, сьвятую,
Што нясе ў сьвет дарагую
Сьветазарную Свабоду.

Я жыву таму, што бачу
Панаваньне лепшай долі,
Дзе ня будзе хутка плачу,
Й за якую й я даў дачу,
Што адроду прыназначыў
На крывавым збройным полі
Ў барацьбе за шчасьце й волю.


Звон.

З гары высокае званіцы
Званы будзяча загулі;
І гуд чырвоны іх імчыцца
Па галу сьпячае зямлі.

Дрыжыць вакол ціша глухая,
Трасе паветра медны гуд
І ўсё, што сьпіць, ён паднімае
Вакол сябе, і там, і тут:

„Уставай, хто сьпіць!“ у звоне чутна
Размову гучных вагкіх[4] слоў…
„Скідай свой сон, ліхі, атрутны,
Цягучы сон даўгіх вякоў!“

І ўдыр за ўдырам шле званіца,
Спушчае ўніз з сваіх прытул
Шарэнгам[5] ройным, чарадзіцай
Ўсё болей гучны звонны гул.

І рэжа ён паветра строма,
Качае хвалямі бары,
Аднізу рвецца скрутным ўзломам
Да рэзва зьяючай зары,

Яшчэ — мамэнт і гудам звону,
Здаецца, неба страсяне
Ды зоў разгорнецца чырвоны
Па ўсёй зямлі і ў вышыне[6]


Да сонца.

Дзе быў пустыр, дзе рос палын,
Дзе ветры сівера стагналі
І шыр прывольную раўнін
Туманам змрокі адзявалі,
Дзе енк[7] цяжарнае жальбы
Народу зьнішчанага чуўся, —
Ў вагні вялікай барацьбы
Ўстаў край — радзімай Беларусі
Пранёсься ім тварачы дых,
Праняў людзей, яго істоту,
Й нявольнік у гмахах[8] баявых
З зьняпаду рвецца на высоты.
З глыбін абуджанай душы,
Бы з буйна б’ючае крыніцы,
К красе раджаючай рушыў
Імпэт працоўных бліскавіцай.
Й кіпіць, хвалюе ды раве
Жыцьцё ўваскросшае краіны,
І к чыньню[9] вечнаму заве
Яе народ, як ўласьцяліна[10],

  1. Няправільны зварот — якая чорнаю сілай.
  2. Надзеў.
  3. Адраджэньне.
  4. Ад — вага́, важкі.
  5. Пол. — радом.
  6. Прав. — вышыні.
  7. енк — фактычна, польскае — jęk; немагчымае ў беларускай мове, якая юсаў (насовак) ня мае. Мела-б быць — юк, як… У беларускай мове амаль з тым-жа значэньнем ужываецца — стогн, але з адценкам — жалобны стогн (Насовіч). Енк, аднак, вельмі папулярнае ў народзе, як нападабляючае гукі.
  8. Вялікая будыніна.
  9. Чыну, працы.
  10. Старобоў. — валадара.