Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/19

Гэта старонка не была вычытаная

Пара, на якую ня варта забывацца. Хто шчарствеў, пагінуў у будзёншчыне, — у дзяціныя гады быў вялікім музыкаю, граючы на йскрыпачцы з лучынак і са струнамі з нітак. І даўлела яму, быў змысел і была радасьць. Хто зрабіўся тупы, як палка, — у гады маленства з палкі вырабляў мастацкія для яго мастацкіх пачуваньняў штукі: птушачак, зьвяроў і прост харошы кіёчак-папірашку. Надышлі гады жыцьцёвага амбарасу і бясконцага дурнога клопату — і згвалтавалі, зьнішчылі сьвятую творчую радасьць, растапталі дыямант у пабітым шкле, а поэты зрабілі быдліну. Жыцьцё, жыцьцё! Мы ўсе прыходзім на сьвет хто песьняром, хто разьбяром, а хто і тым і сім патроху. Мы ўсе ў гады прачнаваньня нашага розуму — рэформатары нягоднага старога, будаўнікі лепшай соцыяльнасьці, славутыя настаўнікі ці добрыя разбойнікі, але часта-часта жыцьцё нічагусенькі не пакідае нам і робіць жаласнымі старцамі без пары.

Ці траплялася вам бываць на вёсцы ў гэткі час, калі пуста ў ёй пад пякучым сонейкам, усе людзі на полі сярод аўса і лёну, што жаўцее і галубее?

Ціха вясковая вуліца. Паснулі сланешнікі і макі. Аніводным пазалочаным лістком не варухнуць яблынкі ці сьліўкі. У гальлі і лісьці бялеюць і чырванеюць яблыкі, а пасьпелыя сьліўкі густа спляліся і віснуць, чорныя, на дол.

Ці здаралася вам у гэткі пагодны спаміж лета і восені дзянёк быць у вёсцы і трапіць на ўскрай хат, туды, дзе хацінка галяка ўехала ў зямлю, вокны яе з пабітымі шыбамі запхнуты насьпех лахманамі і сядзяць на самай прызьбе?