Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/36

Гэта старонка не была вычытаная

— Не, якія там селядцы: ці мы не вячэраўшы паехалі, ай што? А во сотку, калі маеш, дай — пагрэцца.

Гаспадыня дае сотку і йдзе спаць. Матруна ўжо даўно схавалася. Толькі дзед яшчэ мусіць распытацца: хто, адкуль, што вязуць і чаму так позна? І свае справы дзед, хоць каротка, але пераказвае, бо як-жа не сказаць чалавеку, не пагаманіць з ім? Ды вось, што трэба — сказана, і пара спаць. За поўгадзіны ўсё сьціхае. Ня моліцца старэнькі законьнік, ня кугакае малое…

Толькі акалелы герой наш, перастаўшы-ткі дрыжэць, аднак, даволі часта кашляе на печы, кашляюць патроху і другія возьнікі, а на сьцяне, пад самай стольлю бойка цікае гадзіньнік, хоць старэнькі і ціхі, а цяпер такі звонкі: цік-цік! цік-цік! — і аж у ім зьвініць. Сьмярдзючая капцёлка ледзь асьвятляе сваім маркотным гарывам яго рагаты цыфэрблят, некалі беленькі з зялёнымі красачкамі. Сьпяць…

Сьпіць хлопчык, як забіты, і кашляць перастаў. Вярзуцца яму сны ўсякія. Здаецца яму, сьніцца яму, што сьпіць ён у сваёй хаце, на палу ля сьценкі. Прачнуўся ён удосьвецьця, уздыхнуў, абцёр пот з лобу і расплюснуў вочы. Агледзеўся і прыслухаўся, лежачы ціхенька ў цёпленькім. Сьветач вісіць на шосьце ля полу. Лучына гарыць невясёла, як заўсёды. Угару йдзець ад яе палавы дым. Часам яна дыміць, часам дужа разгарыцца, часам стужачкаю жоўтаю ўбок пяе пра зіму, пра маркоту: джжж… На мост валіцца чорнае вугальле. Адтуль, дзе гарыць лучынка, цягне цяплом у сьцюдзёнай, сумнай хаце. Ціха. Матка сядзіць на палу і маўкліва прадзець,