Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/50

Гэта старонка не была вычытаная

Ну, а потым — пабыло і паехала начальства. Гукнуў узлаваны настаўнік Юрку і быццам-то па загаду рэвізора сказаў яму, сьвяткуючы вызваленьне, каб забіраў сына, а прывадзіў-бы яго, калі надумаецца, на палецьце, разам з усімі, каб не пазьніўся.

— Хомка Шпак! Хомка Шпак! — дражніліся цяпер дурныя хлопчыкі з адстаўленым ад навукі Хомкаю.


На слова „бірка“ цяпер забываюцца…

На слова „бірка“ цяпер забываюцца, а даўней яго добра ведаў кожны няпісьменны аконам, войт ці лясьнік і кожны панскі падданы-мужык. Біркаю называецца палачка ці кавалачак шчэпкі з нарэзкамі, якія сьведчылі, хто колькі прывёз коп сена ў панскую сяніцу ці вазоў жыта ў панскае гумно, хто колькі вывез калод з лесу ці паставіў у лесе шурак. На самым пачатку цяперашняга веку бірка ў нашай старонцы блізу што зусім зьвялася. Яна баўталася яшчэ толькі пры кавалку сукна ў сукнавалцы, пры аўчынках у дубільніка ці пры бабскіх маткох у Лугвенеўскага сінельніка Іршы, каб па ёй, па нарэзах, пазнаць, чыё сукно, аўчынкі ці маткі.

Можна ўважаць, з цяпершняга пункту гледжаньня, за пэўнае дзікунства выдумку новага асмолаўскага настаўніка завесьці бірку ў школе, але ён, сам родам асмолавец, быўшы унтэр-афіцэр, хадзіў падскокам, калі яму прышло гэта ў галаву, і ажыцьцёвіў свой плян з належнай стараннасьцю.

Пёкшы бульбу ў позны піліпаўскі вечар, настаўнік, пры гарачым сьвятле ад жару ў печы, выстругаў ножыкам брусочак з поўлокця ўдоўжкі і з палец угрубкі. На брусочку зрабіў ён дванаццаць нарэзаў